Намеснік міністра абароны Украіны: У лютым 2022 года з Беларусі ва Украіну заехалі 70 тысяч расійцаў

Першы намеснік міністра абароны Аляксандр Паўлюк распавёў пра тое, як будавалася абарона Кіева ў першыя дні вайны і чаму расійскім вайскоўцам не ўдалося ўзяць Кіеў «за тры дні».

Аляксандр Паўлюк

Аляксандр Паўлюк


Паўлюк тады ўзначальваў Кіеўскую абласную вайсковую адміністрацыю, нагадвае РБК-Украіна. Ён патлумачыў, як была адбіта атака.

— Расія пад выглядам правядзення стратэгічнага камандна-штабнога вучэння правяла падрыхтоўку і пачала поўнамаштабную ўзброеную агрэсію з мэтай знішчэння нашай дзяржавы. Першапачатковы план захопу Кіева быў разлічаны на кароткатэрміновую аперацыю працягласцю 3-5 сутак.

Падобны план быў выкарыстаны СССР у Венгрыі ў 1956-м, у Чэхаславакіі ў 1968-м і ў Афганістане ў 1979 годзе.

Акупанты па звыклым для сябе прынцыпе планавалі як мага хутчэй высадзіць сілы спецыяльных аперацый (ССА) і паветраныя дэсанты на подступах да Кіева — на аэрадромах «Гастомель» і «Васількоў». Праціўнік хацеў ракетнымі і авіяцыйнымі ўдарамі знішчыць нашу сістэму СПА, пункты кіравання воінскімі часцямі Узброеных сіл Украіны, Нацыянальную гвардыю і аб'екты крытычнай інфраструктуры. Далей ва ўмовах дэзарганізацыі і краху сістэмы кіравання яны збіраліся захапіць урадавы квартал і ліквідаваць або арыштаваць украінскае кіраўніцтва. І прызначыць сваіх стаўленікаў-марыянетак.

— Праціўнік змог высадзіць дэсант на аэрадроме Гастомеля і, наколькі я разумею, не змог у Васількове?

— Падраздзяленні 45 брыгады спецыяльнага прызначэння ПДВ Расіі 24 лютага 2022 года сапраўды здзейснілі захоп аэрадрома «Гастомель» сіламі атрада спецпрызначэння — гэта прыкладна 300 чалавек. Аднак падраздзяленням сіл абароны сумесна з падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння і тактычнай групай Нацгвардыі пасля зацятых баёў на 21:00 удалося аднавіць кантроль над аб'ектам і выцесніць праціўніка.

Пакуль ішоў бой за аэрадром, галоўныя дэсантныя сілы расійцаў з бронетэхнікай спрабавалі прызямліцца на транспартных самалётах Іл-76. Адзін з іх нашы сілы абароны збілі і не далі магчымасці іншым самалётам здзейсніць пасадку. Але 25 лютага праціўнік сіламі да 20 верталётаў і каля 250 вайскоўцаў нанёс удар па аэрадроме і ў выніку баявых дзеянняў вярнуў яго пад свой кантроль. Вораг нарасціў групоўку ПДВ з мэтай далейшага іх прымянення ў якасці тактычных дэсантаў у Кіеве для захопу ўрадавага квартала.

Высадка планавалася ў Васількове, але спроба захопу не ўдалася. Пасля бою 25 лютага падраздзяленні ВСУ ў раёне Васількова знішчылі самалёт Іл-76МД з дэсантам, а таксама два верталёты і дэсант, які здзяйсняў высадку…

— Калоны на Кіеў ішлі пасля запланаванай высадкі дэсанту?

— Прывяду прыклад 35-й агульнавайсковай арміі РФ. З беларускай мяжы ўварваліся 70 тысяч расійцаў і 7 тысяч бронемашын, яны пераадолелі 115 км і дасягнулі сваёй мэты, цалкам выкарыстаўшы гаручае. Для далейшых наступальных дзеянняў на Кіеў ім спатрэбілася дазапраўка. Бензавозам з палівам засталося ехаць менш за гадзіну. Але сілы супраціву Украіны звярнулі ўвагу на канвой працягласцю 64 км і не дапусцілі яго да войскаў. Тых самых, якія былі гатовы акружыць Кіеў.

Калі акупанты захапілі Гастомель, яны ператварылі яго ў базу для далейшага наступу на сталіцу. Пасля таго, як туды дабраліся падраздзяленні 35-й агульнавайсковай арміі РФ, баявая тэхніка агрэсара засталася без паліва, расцягнутая на дыстанцыі да 60 км. Сілы супраціву Украіны пачалі знішчаць калоны з палівазапраўшчыкамі і не дапусцілі іх у войскі, якія былі гатовы акружыць Кіеў.

Акупанты сутыкаліся з перашкодамі на працягу ўсяго шляху — коркі на вузкіх дарогах, затопленых вадой і гэтак далей. Цяпер ужо можна казаць, што пачатковыя затрымкі гэтай доўгай калоны былі ажыццёўлены спецыялізаваным баявым падраздзяленнем толькі з 30 спецназаўцаў. Яны выводзілі са строю або знішчалі першыя тры машыны, а затым атакавалі канвой. Паколькі шлях стаў даўжэйшым і больш закаркаваным, нашы ваенныя разбуралі масты. У расійцаў была невялікая ахова — прыкладна 2 тысячы жаўнераў. І яны так і не змаглі прарвацца праз перашкоды, створаныя сіламі абароны.

Лагістыка акупнасці знаходзілася ў такім стане паўсюль. Нашы ж дзеянні і манеўры толькі ўдасканальваліся.

Дзякуючы вядзенню засадных дзеянняў на маршрутах праціўніка нам удалося парушыць іх сістэму лагістычнага забеспячэння. Знішчаліся калоны грузавікоў з палівам і боепрыпасамі, а авіяцыя і артылерыя па-майстэрску давіла іх пункты кіравання, разгорнутыя склады і гэтак далей. Былі створаны ўсе перадумовы для акружэння значнай часткі расійскіх акупацыйных войскаў. Пасля гэтага яны былі вымушаны хутка адступаць.

Гэта дазволіла ўкраінскім вайскоўцам у другой палове сакавіка перайсці ў наступ.