Незалежных медыя ў Азербайджане не засталося

У Азербайджане — краіне з адным з горшых паказчыкаў свабоды прэсы ў свеце — закрываецца апошняе буйное незалежнае СМІ — інфармагенцтва Turan. Напярэдадні яго кіраўнік быў адпраўлены за краты.

org_hyck653.jpg


Мехмана Аліева арыштавалі па абвінавачванні ва ўхіленні ад падаткаў у чацвер вечарам. На наступны дзень да абвінавачванняў дадаліся злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і незаконнае прадпрымальніцтва. Бакінскі суд арыштаваў кіраўніка агенцтва Turan на тры месяцы.

Аліеў адмаўляе абвінавачванні, а яго калегі і адвакат называюць арышт «палітычнай замовай».
Еўрапейскі Камітэт па абароне журналістаў (CPJ Europe) заклікаў Азербайджан «спыніць палітычна матываваны пераслед Мехмана Аліева і агенцтва Turan».

Аліеў казаў на мінулым тыдні, што яшчэ ў сувязі з абвінавачваннямі ўлады замарозілі рахункі агенцтва, і яму пагражае закрыццё.

У пятніцу Turan пацвердзіў, што спыняе працу: «У падобнай сітуацыі нармальнае функцыянаванне агенцтва становіцца вельмі складаным. Улічваючы сітуацыю, якая склалася, калектыў Turan вымушаны з 1 верасня прыпыніць сваю працу на нявызначаны час».

Агенцтва Turan — найстарэйшая ў Азербайджане і першае незалежнае агенцтва, заснаванае ў 1990 годзе групай журналістаў, якія адмаўляліся працаваць у дзяржаўных СМІ.

«Turan ўсе апошнія гады быў адзіным незалежным агенцтвам, а сваімі дзеяннямі ўрад адкрыта дае нам сігнал аб тым, што яно не пацерпіць ні аднаго непадкантрольнага выдання», — каментуе Хадзіджа Ісмаілава, журналіст-праваабаронца, якая сама правяла ў зняволенні паўтара года.

Былую супрацоўніцу бакінскага бюро «Радыё Свабода» Хадиджу Ісмаілава ў 2015 годзе прысудзілі да сямі з паловай гадоў зняволення. Ісмаілава абвінавацілі ў паклёпе, ухіленні ад выплаты падаткаў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і злоўжыванні ўладай. Сама журналістка, як і яе калегі і праваабаронцы, называлі абвінавачванні палітычна матываванымі.

У траўні бакінскі суд прыняў рашэнне заблакаваць сайты азербайджанскай службы «Радыё Свабода» і чатырох мясцовых СМІ.

У ліпені мінулага года Нацыянальны савет па тэлебачанні і радыё спыніў вяшчанне папулярнага мясцовага тэлеканала ANS на падставе таго, што пазіцыя канала ішла «насуперак з брацкім стаўленнем азербайджанскага і турэцкага народаў».

У гэтым годзе быў арыштаваны Азіз Аруджаў, рэдактар онлайн-ТБ "Канал 13».
Па дадзеных Цэнтра абароны палітвязняў, у Азербайджане 158 палітвязняў, 10 з іх — журналісты і блогеры.

У той жа час у краіне існуе Фонд дзяржаўнай падтрымкі развіцця СМІ пры прэзідэнце Азербайджана, які гэтым летам раздаў журналістам 255 кватэр.

Гэта другі дом, пабудаваны для журналістаў за кошт падаткаплацельшчыкаў, і ўжо пачата будаўніцтва трэцяга будынка, у якім таксама будзе 255 кватэр.

Раней у інтэрв'ю Бі-бі-сі сам Мехман Аліеў называў раздачу кватэр спосабам эканамічнага кантролю прэсы, так як жылплошчу атрымліваюць прадстаўнікі праўрадавых СМІ.

«З аднаго боку, адным журналістам даюць кватэры, — казаў кіраўнік агенцтва Turan. — З іншага, робяць больш жорсткімі законы, якія датычацца свабоды СМІ, а журналістаў кідаюць у турму».

Паводле, Рускай службы Бі-бі-Сі