Новы канцлер Аўстрыі выключыў уступленне Турцыі ў Еўрасаюз

На думку Себасцьяна Курца, парушэнне правоў чалавека і палітыка турэцкіх уладаў прывялі да таго, што для Турцыі больш няма месца ў Еўрасаюзе

kurz.jpg

Новы канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц, лідэр правакансерватыўнага ўрада, распавёў у інтэрв'ю Bild am Sonntag, што не бачыць магчымасці для Турцыі ўступіць у Еўрасаюз.
«Мы назіраем маштабнае парушэнне правоў чалавека, ключавых правоў і свабодаў. Я не хачу прыняць той факт, што Еўрасаюз глядзіць на гэта і робіць выгляд, што нічога не адбываецца. На мой погляд, Турцыі няма месца ў Еўрасаюзе, асабліва з палітыкай апошніх гадоў», — заявіў аўстрыйскі канцлер. Курц адзначыў, што, на яго думку, сумленным будзе «разарваць» ўсе перамовы з Турцыяй, хоць пакуль што ў блоку няма большасці, якая прытрымліваецца таго ж меркавання. «Але я аптымістычна настроены і лічу, што мы дасягнем поспеху ў гэтым у бліжэйшыя гады», — сказаў ён на заканчэнне.
Курц таксама распавёў пра сваё бачанне еўрапейскай палітыкі ў адносінах да бежанцаў. Паводле яго слоў, Еўропе неабходна выправіць адхіленні ў міграцыйнай палітыцы. «Толькі калі знешнія межы будуць цалкам абароненыя, унутраныя межы ў Еўрасаюзе могуць быць адчыненыя», — падкрэсліў Курц. Ён дадаў, што вяршэнства закона і дэмакратыі павінна быць «неабмяркоўваемым».
«Калі мы будзем прымушаць дзяржавы прымаць бежанцаў, мы не дапаможам Еўропе. Калі мы працягнем ісці па гэтым шляху, мы толькі яшчэ больш падзелім Еўразвяз», — адзначыў Курц. Рашэнне аб тым, ці прымаць бежанцаў і ў якой колькасці, павінна застацца за краінамі блока, лічыць аўстрыйскі канцлер. Калі ж бежанцаў немагчыма прыняць, «ім варта дапамагчы ў бяспечных зонах на іх кантыненце», якія, магчыма, варта арганізаваць з «ваеннай дапамогай». Курц не ўдакладніў, які від канкрэтны выгляд ваеннай дапамогі ён меў на ўвазе.
Новы аўстрыйскі ўрад, сфармаваны дзякуючы альянсу кансерватыўнай Народнай партыі Курца і правай Аўстрыйскай партыі свабод Хайнца-Крысціяна Штрахе правёў сваё першае пасяджэнне 20 снежня. Праграма ўрада Курца і Штрахе (ён заняў пасаду віцэ-канцлера) уяўляе Аўстрыю «неаддзельнай часткай Еўропы», пры гэтым накіраваная на барацьбу з «цэнтралізацыяй ўнутры ЕС». Галоўным выклікам Курц і Штрахе лічаць нелегальную міграцыю.
Паводле РБК