«Па прынцыпе Саўчанкі»: Украіна перадала Расіі дакументы па справе Салашэнкі і Афанасьева

Міністр юстыцыі Украіны Павел Пятрэнка ў суботу паведаміў аб перадачы Расіі дакументаў для вяртання з Расіі ўкраінскіх грамадзян Юрыя Салашэнкі і Генадзя Афанасьева.

Генадзь Афанасьеў і Юрый Салашэнка

Генадзь Афанасьеў і Юрый Салашэнка


«Вядуцца закрытыя юрыдычныя перамовы, і ў мяне ёсць стрыманы аптымізм, што яны вернуцца неўзабаве дадому. Юрыдычны бок поўнасцю падрыхтаваны і перададзены РФ. Адказ будзе атрыманы па выніках палітычных перамоў», — цытуе міністра ВВС.

 

Ён дадаў, што палітычныя перамовы ідуць вельмі складана.

 

Генадзь Афанасьеў з 2015 года адбывае ў Расіі сямігадовы тэрмін па справе аб стварэнні тэрарыстычнай супольнасці ў Крыме. Па гэтай жа справе асуджаныя на 20 і 10 гадоў адпаведна Алег Сянцоў і Аляксандр Кольчанка.

 

73-гадовы Юрый Салашэнка, былы дырэктар украінскага абароннага прадпрыемства «Знамя», у 2015 годзе атрымаў шэсць гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Украіны. Яго адвакат паведамляў, што ён прызнаў віну ў надзеі, што гэта паскорыць яго экстрадыцыю ва Украіну.

 

У канцы мая ўкраінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка адзначыў, што перамовы аб вяртанні ва Украіну яшчэ 25 чалавек, якія ўтрымліваюцца ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, знаходзяцца на фінішнай рысе.

 

Надзея Саўчанка, асуджаная па справе аб гібелі расійскіх журналістаў у Данбасе, была памілаваная Уладзімірам Пуціным і вызвалена 25 мая. Паралельна прэзідэнт Украіны памілаваў расійцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ярафеева, асуджаных у Кіеве па справе аб удзеле ў вайне ў Данбасе супраць украінскіх урадавых войскаў.