Прынамсі 100 тысяч целаў. Пад Дамаскам знайшлі масавае пахаванне ахвяр рэжыму Асада

Такіх «брацкіх магіл» можа быць значна больш, дапускаюць праваабаронцы.

Косткі на месцы масавага пахавання часоў праўлення Башара Асада ў Сірыі пасля звяржэння Асада ў Наджхе, Сірыя, 17 снежня 2024 года. REUTERS/Ammar Awad

Косткі на месцы масавага пахавання часоў праўлення Башара Асада ў Сірыі пасля звяржэння Асада ў Наджхе, Сірыя, 17 снежня 2024 года. REUTERS/Ammar Awad

Сірыйскія праваабаронцы паведамілі пра выяўленне масавага пахавання ў раёне Эль-Кутайфа, размешчанага за 40 кіламетраў на поўнач ад Дамаска, перадае «Наша Ніва».

Паводле іх ацэнак, там знаходзяцца парэшткі шматлікіх ахвяр праўлення Башара Асада. Пра гэта Reuters расказаў Муаз Мустафа, кіраўнік арганізацыі «Сірыйская аператыўная група па надзвычайных сітуацыях», якая базуецца ў ЗША.

Паводле слоў Муаза Мустафы, выяўленае пахаванне ў Эль-Кутайфе — толькі адно з пяці вядомых яму падобных месцаў.

Больш за тое, праваабаронца дапускае, што такіх «брацкіх магіл» можа быць значна больш, а сярод ахвяр, акрамя сірыйцаў, ёсць грамадзяне іншых краін, уключаючы ЗША і Вялікабрытанію.

Глядзіце таксама

Мустафа, які прыбыў у Сірыю пасля падзення рэжыму Асада, заявіў, што за перамяшчэнне целаў да месцаў масавых пахаванняў адказвала сірыйская вайсковая разведка.

Паводле яго слоў, целы забітых, у тым ліку закатаваных да смерці ў вайсковых шпіталях, дастаўлялі да пахаванняў з дапамогай муніцыпальнага пахавальнага бюро Дамаска. Супрацоўнікі бюро выгружалі целы з рэфрыжаратарных грузавікоў, пасля чаго целы закопваліся ў зямлю. Гэта стала вядома з апытанняў сведкаў.

Пасля падзення рэжыму Асада сірыйскія паўстанцы вызвалілі зняволеных з турмаў у Алепа, Хомсе, Хаме і іншых гарадах.

Сірыйскія турмы былі сумна вядомыя сваімі нечалавечымі ўмовамі ўтрымання.

Праваабаронцы і былыя зняволеныя паведамлялі пра катаванні і масавыя забойствы ва ўстановах, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні сірыйскай разведкі.

З 2011 года, калі мірныя пратэсты супраць рэжыму Башара Асада перараслі ў грамадзянскую вайну, у Сірыі загінулі сотні тысяч чалавек, нагадвае Reuters.