Памёр першы мільянер у Савецкім саюзе
Першы савецкі мільянер, адзін з удзельнікаў кааператыўнага руху канца 1980-х гадоў Арцём Тарасаў памёр ва ўзросце 67 гадоў.

Фота: Віталій Іваноў / ТАСС)
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар партыі «Яблоко» Ігар Якаўлеў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, піша tvrain.ru.
Прычына смерці не ўдакладняецца.
Бізнесмэн нарадзіўся ў 1950 годзе ў Маскве ў сям'і фотажурналіста і доктара навук. Прадпрымальнік скончыў Маскоўскі горны інстытут і бізнес-школу Пенсільванскага універсітэта ЗША «Wharton School».
У гады перабудовы ён займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Саюза аб'яднаных кааператываў СССР і адначасова працаваў генеральным дырэктарам знешнеэканамічнай асацыяцыі «Выток».
У СССР і за мяжой Тарасаў вядомы як першы легальны савецкі мільянер. Прадпрымальніку па рашэнні ўзначаленага ім тады кааператыва «Тэхніка» ў 1989 годзе выпісалі заробак у памеры трох мільёнаў рублёў.

У пачатку 1991 года ён эміграваў у Лондан. А ў 1996 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Расіі, аднак не быў зарэгістраваны выбаркамам і не ўдзельнічаў у выбарах.