Папярэднія звесткі пра катастрофу малайзійскага «Боінга» над Данецкам абнародуюць толькі ў верасні
Як стала вядома «Коммерсанту», папярэднія вынікі міжнароднага расследавання прычын крушэння малайзійскага Boeing 777 пад Данецкам 17 ліпеня будуць апублікаваныя толькі ў першы тыдзень верасня.

Пра гэта паведамілі ў Нідэрландскім савеце па бяспецы (НСБ), які ўзначальваў расследаванне. У справаздачы будзе ўтрымлівацца інфармацыя з розных крыніц — звесткі «чорных
скрыняў», перамоваў дыспетчарскай службы, паказанняў радыёлакацыйных станцый і спадарожнікавых здымкаў. Падрыхтоўка жа выніковага дакладу НСБ зойме некалькі месяцаў.
Нідэрландскі савет па бяспецы (Dutch Safety Board) — галоўная інстанцыя, якая вядзе расследаванне крушэння MH17 пад эгідай Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO). Сярод
298 пасажыраў пацярпелага крушэнне 17 ліпеня ў Данецкай вобласці лайнера кампаніі «Малайзійскія авіялініі» 196 чалавек былі грамадзянамі Нідэрландаў.
Блізкая да міжнароднай камісіі крыніца паведаміла, што расшыфроўка бартавых самапісцаў дала не надта шмат інфармацыі.
Паводле яе слоў, калі самалёт сапраўды знішчыла баявая ракета, пілоты наўрад ці паспелі пракаментаваць гэтую сітуацыю: з-за розніцы ціску паветра ўнутры і звонку самалёта машына, якая атрымала
пашкоджанні ад выбуховай хвалі або аскепкаў, разляцелася на часткі, а людзі імгненна страцілі прытомнасць ад вельмі цяжкай баратраўмы.
kommersant.ru