Пасля пагаднення з Расіяй газ у Еўропе патаннеў
Пакуль Беларусь спрачаецца з Расіяй наконт цаны на нафту, у Еўропе патаннеў расійскі газ.
Зніжэнне коштаў ужо адчулі еўрапейскія спажыўцы, а неўзабаве кошт газу таксама можа знізіцца ў Украіне, спадзяюцца ўкраінскія СМІ.
У Еўропе знізіліся цэны на газ пасля падпісання транзітнага кантракту паміж Украінай і Расіяй, неўзабаве кошты могуць зменшыцца і ва Украіне. Пра гэта падчас выступу на форуме ў Давосе сказаў кіраўнік Нафтагаза Андрэй Кобалеў, паведамляе Укрінфарм.
"Што мы бачым цяпер, станоўчае рашэнне канфліктнай сітуацыі прывяло да значнага зніжэння цэны на газ. Гэта адчулі многія спажыўцы ў Еўропе і, мы спадзяемся, у найбліжэйшай будучыні ўкраінскія спажыўцы таксама атрымаюць перавагі ад зніжэння цаны", — сказаў Кобалеў.
Пакуль жа з новага года цана на газ ва Украіне вырасла з 5878 грыўняў да 6600 грыўняў за тысячу кубаметраў (або прыкладна з $239 да $269).
Паводле яго слоў, Нафтагаз быў скептычна настроены да магчымасці падпісання кантракту яшчэ ў лістападзе-снежні 2019 года. "Прымальны кампраміс быў знойдзены і падпісаны", — адзначыў Кобалеў.
Да канца ацяпляльнага сезона тарыфы на газ у Украіне зафіксаваныя на ўзроўні 8 грыўняў за кубаметр для насельніцтва, або 0,69 беларускага рубля.
Беларусь таксама 31 снежня 2019 года падпісала з Расіяй пратакол аб цэнах на газ на студзень-люты 2020-га. Згодна з падпісанымі дакументамі, кантрактныя аб'ёмы паставак і транзіту ў 2020 годзе ў нашу краіну захаваныя на ўзроўні 2019 года, паведамляў "Газпрам". У 2019 годзе цана на газ для Беларусі была фіксаванай і складала $127 за 1 тысячу кубічных метраў. Аднак Расія хацела павысіць кошт газу для Беларусі ў 2020 годзе да $152 за 1 тысячу кубаметраў.
Паводле korrespondent.net