Саскочыць з «іголкі»
«Можам, калі захочам!» — прыкладна такі дэвіз павінен стаць праграмай дзеяння нашага ўраду бліжэйшым часам. Таму што, насамрэч, можам мы ўсё, калі нас прыцісне. Але галоўнае — не чакаць, калі прыцісне. Каб мы не разлічвалі папярэднія 20 гадоў на танную расійскую нафту, то не апынуліся б у такой сітуацыі, калі ўсё трэба вырашаць тэрмінова.
Увогуле, навіны з «нафтавага фронту» ў нас даволі цікавыя. І чым далей развіваецца гэты крызіс, тым больш мы даведваемся таго, чаго раней не ведалі. Напрыклад, насуперак змрочным прагнозам, што «без расійскай нафты нам труба», ніякай трубы не будзе. Беларусь будзе забяспечаная палівам — прынамсі, для ўласных патрэбаў. Як паведаміў старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў, для забеспячэння ўнутранага рынку Беларусі хапае 80-працэнтнай загрузкі аднаго нафтаперапрацоўчага завода. А ў нас іх два. Таму больш як 70 працэнтаў нафтапрадуктаў краіна экспартуе.
Мы амаль можам супакоіцца. Без паліва Сінявокая не застанецца, і, мажліва, пасяўная пройдзе, як звычайна. Але на ўсялякі выпадак «рэжым эканоміі» ўключыць усё ж варта.
Таксама цікавыя рэчы высветліліся на тыдні, калі Расія і Беларусь прыпынілі перамовы па ўзгадненні памеру тарыфу на транзіт нафты па нафтаправодзе «Дружба» праз Беларусь. У гэтым няма нічога страшнага — проста бакі ўзялі паўзу, бо з 1 лютага стаўка транзіту будзе павышаная аўтаматычна, паводле міжурадавага пагаднення. Павышэнне складзе на прагнозны памер інфляцыі 3,8 працэнта плюс 3 працэнты. А потым перамовы працягнуцца — Мінск патрабуе павышэння тарыфу на 2020 год на 16,6 працэнта.
Ёсць яшчэ адна прычына зацягвання перамоваў, піша расійскі «Коммерсантъ». Яна палягае ў тым, што «бессэнсоўна абмяркоўваць кошт транзіту да тых часоў, пакуль не вядомыя дакладныя аб’ёмы, якія пойдуць праз рэспубліку», кажа адна з крыніц выдання. Гэта шмат у чым залежыць ад вынікаў перамоваў Беларусі з расійскімі нафтакампаніямі наконт умоваў пастаўкі нафты. Нафтакампаніі настойваюць на прэміі ў 6 долараў на тону да экспартнага парытэту, у той час як Мінск настойвае на адмове ад прэміі ўвогуле. Прычым, для нафтавых кампаній беларускі кірунак у любым выпадку застанецца прэміяльным і з меншай надбаўкай з улікам нулявога ПДВ. Але самі пастаўшчыкі наракаюць на тое, што цяпер Беларусь і так плаціць толькі 83 працэнты ад рынкавай цаны нафты.
«Толькі 83 працэнты», — цікавае выказванне. Атрымліваецца, наш «гешэфт» складае ўсяго 17 працэнтаў ад сусветнай цаны. Пры гэтым той «гешэфт» абмежаваны рознымі ўмовамі, такімі, як «братэрскі» (а не еўрапейскі) кошт транзіту нафты, тая ж «прэмія» расійскім пастаўшчыкам ды абавязальніцтвы ўзамен на танную (як высветлілася — не вельмі) нафту пастаўляць пэўную частку нафтапрадуктаў на расійскі рынак. Некалі Расія, узамен на льготныя кошты нафты, хацела нават юрыдычна абавязаць Беларусь пастаўляць на свой рынак 1 мільён тон бензіну ў год, нягледзячы на камерцыйную мэтазгоднасць такіх паставак для беларускага боку. Былі часы, калі на гэтых пастаўках нашы кампаніі гублялі да 100 долараў за тону.
Пры гэтым уся нафтавая спрэчка выглядае даволі нягегла — таму што «падатковы манеўр» Расійскай Федэрацыі так ці інакш прадугледжвае, што ў бліжэйшыя гады ўнутраныя расійскія кошты на нафту зраўняюцца з сусветнымі. А таму «таннай нафты» не будзе ўвогуле. Дык чаму б нам не паспрабаваць зрабіць усё цяпер? Справядлівыя сусветныя кошты на нафту для Беларусі? Добра. Але тады — ніякіх «прэмій» расійскім пастаўшчыкам, справядлівыя сусветныя кошты на бензін для Расіі і справядлівыя цэны на транзіт.
Мы хаця б падрыхтуемся да тых умоваў, у якіх будзем працаваць праз тры-чатыры гады.
Нешта падобнае казаў і Аляксандр Рыгоравіч на нарадзе па пытаннях экспарту нафтапрадуктаў. Па яго словах, «трэба ісці да таго, што 30–40 працэнтаў мы будзем купляць нафты ў Расійскай Федэрацыі. Працэнтаў 30 мы павінны з Балтыі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну — правераны ўжо шлях».
«Мы павінны на практыцы паглядзець, у што гэта выльецца. А так браты з усходу палохаюць, што гэта будзе вельмі дорага. Мы таксама, не палічыўшы, не паспрабаваўшы, думаем, што мы не здолеем», — казаў ён пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты. І дадаў тое, пра што мы пісалі неаднаразова: палохацца не трэба, трэба спрабаваць. Тым больш, што мы ўсё роўна вымушаныя будзем гэта рабіць.
І вось дзяржканцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што падкантрольная яму Беларуская нафтавая кампанія (БНК) купіла партыю нарвежскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда 22 студзеня. З Клайпеды нафта будзе пастаўлена чыгуначным транспартам на Наваполацкі НПЗ, аб’ём партыі складае 80 тысяч тон. Канешне, пастаўка нафты з Клайпеды ў напрамку Наваполацкага НПЗ абыдзецца Беларусі істотна даражэй за імпарт па нафтаправодах — перавалка і транспарціроўка да завода па чыгунцы будуць каштаваць звыш долараў 20 за тону. Але гэта пробная партыя, «а там далей будзем працягваць перамовы», — сказаў «Рэйтэр» прадстаўнік «Белнафтахіма».
Як мы пісалі ў мінулым нумары, праз Літву і Латвію мы можам атрымліваць да 8 мільёнаў тон нафты для нашых заводаў.
І яшчэ цікавостку выдаў кіраўнік Беларусі на той жа нарадзе. «Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расія пагодзіцца з гэтым. Дзіўна: наш саюзнік не дае згоды на пастаўку нафты ад нашага іншага саюзніка. Што ж, такая сітуацыя цяпер па пастаўках нафты, і мы павінны ў гэтым разабрацца», — заявіў Лукашэнка.
Пра што размова — невядома, але, хутчэй за ўсё, пра тое, што Расія не пагадзілася на транзіт казахскай нафты ў Беларусь па трубаправодах. Што ж — тады самы час паставіць крыжык на праекце ЕАЭС. Таму што ўсе «плюшкі», якія Беларусь атрымлівала ад гэтага праекту, зніклі. Дык навошта нам той саюз? І навошта нам «Саюзная дзяржава» з такім «саюзнікам»?
Адзінае пытанне: што будзе рабіць Расія, калі мы ўрэшце саскочым з нафтагазавай «іголкі»? Чым яшчэ яна паспрабуе ўтрымаць Сінявокую ў сваёй «арбіце інтарэсаў»?
Трэба вучыцца жыць сваім розумам у сваім доме. Падаецца, улады пачынаюць гэта разумець, што не можа не ўзрадаваць.