Паўночная Карэя. Кім Чын Ын пакараў смерцю ўласнага дзядзьку

Лідар Паўночнай Карэі пакараў смерцю свайго дзядзькі Чан Сон Тхэка, які лічыўся другой па ўплыву фігурай у Паўночнай Карэі. Чан Сон Тхэк быў арыштаваны падчас пасяджэння партыйных функцыянераў, а яго арышт прадэманстравалі мясцовыя студыі тэлебачання.



kim_chen_yn_uncle.jpg

Чан Сон Тхэк. Фота: China Daily / Reuters

Цяжка сказаць, што за чорная котка прабегла паміж чальцамі сям’і Кімаў. Афіцыйнае абвінавачанне на адрас Чан Сон Тхэка ўключае ў сябе нават такія пункты, як «нарказалежнасць, гульні ў казіно і інтымныя кантакты з некаторымі жанчынамі».

Так ці інакш, эксперты перакананыя, што ў эліце КНДР пачаліся разборкі. Іх наступствамі можа стаць нешта падобнае на 1937 год у СССР, калі пад каток рэпрэсій адправілі тысячы людзей.

Аднак гэта не самы горшы варыянт. Як піша амерыканская прэса, Чан Сон Тхэк быў лідарам пракітайскай фракцыі ў Пхеньяне, і Пекін зараз вельмі занепакоены, ці захавае свой былы ўплыў над КНДР.

Паколькі пракітайская групоўка мае сваіх людзей у сілавых структурах, канфлікт можа набыць любы характар. З улікам таго, што Паўночная Карэя валодае ядзернай зброяй, сітуацыя выглядае вельмі небяспечнай. Праўда, некаторыя кажуць, што вынікам канфрантацыі можа стаць калапс КНДР як дзяржавы, што для перспектывы рэгіянальнай бяспекі не так і кепска.