Першая лэдзі з пікантнай фотасесіі

Амерыканская публіка ў шоку ад выхадак Дональда Трампа — фаварыта праймерыз у кандыдаты на прэзідэнта ад рэспубліканцаў. Непакоіць істэблішмент і перспектыва таго, што першай лэдзі можа стаць яго жонка Меланія.



5791187.jpg

 Фота www.nypost.com

Крытэры першай лэдзі ў амерыканскай свядомасці мяняліся не раз, аднак пры гэтым пэўны канон заставаўся — адданая жонка, добрая маці, адукаваная, з добрым густам жанчына, верны памочнік. Магчымы прыход у Белы дом місіс Трамп разбурае шматлікія раней напрацаваныя шаблоны. Дастаткова таго факту, што яшчэ ніколі першымі дамамі ЗША не былі жанчыны, якія рабілі фотасеіі ў касцюме Евы. У Меланіі такі вопыт ёсць: у 2000 годзе яна пазіравала для брытанскага мужчынскага часопіса «GQ». Здымкі, зробленыя ў прыватным самалёце Трампа падчас нейкага палёту, суправаджаў адпаведны загаловак: «Секс на вышыні 10 тысяч метраў».

Іншыя старонкі біяграфіі Меланіі таксама не пасуюць класічнаму стандарту першай лэдзі. Па-першае, яна — трэцяя жонка Дональда Трампа і маладзейшая за яго на 24 гады. Па-другое, Меланія нарадзілася не прорста за межамі Штатаў, але, у дадатак, у краіне, якая будавала сацыялізм. Яе родны горад — Сеўніца ў Славеніі, якая на час яе нараджэння ў 1970 годзе была часткай Югаславіі.

А між тым Дональд Трамп усюды падкрэслівае, што Барак Абама насамрэч нарадзіўся па-за межамі краіны, і таму не можа быць прэзідэнтам краіны, як таго патрабуе закон ЗША. Амерыканская сатыра ахвотна жартуе з гэтага, уяўляючы, як на першым спатканні Дональд патрабуе ад Меланіі паказаць пасведчанне пра нараджэнне. Дарэчы, яна атрымала амерыканскі пашпарт толькі ў 2006 годзе.

Меланія Кнаўс — дачка аўтатэхніка і дызайнера — пачала кар’еру мадэлі пасля навучання ў Люблянскім універсітэце. Пасля скіравалася ў Мілан і Парыж, адкуль у 1996 годзе перабралася за акіян. На той момант яна была сапраўднай зоркай мадэльнага бізнесу. Дастаткова сказаць, што яе выявы з’яўляліся на вокладках такіх прэстыжных часопісаў, як «Vogue», «Vanity Fair», «Elle», «FHM» і г.д.

З будучым мужам яна пазнаёмілася, дзякуючы дырэктару мадэльнай кампаніі, на якую працавала ў 1998 годзе. Ён прымусіў Меланію (дарэчы, заўзятую дамаседку) і іншых супрацоўніц свайго агенцтва для нейкіх рэкламных мэтаў наведаць вечарыну ў адным з начных клубаў Нью-Ёрка. Там яна і сустрэла Трмпа. Раман скончыўся шыкоўным вяселлем у 2000 годзе (нявеста была ў сукенцы ад Christian Dior коштам 200 тысяч долараў). У 2006 годзе ў Трампаў нарадзіўся сын Барон Вільям. Ужо будучы місіс Трамп, Меланія пачала асабісты бізнес, запусціўшы лінію жаночай бялізны «Melania™».

Цяпер, на 46-м годзе жыцця, у яе біяграфіі пачынаецца новы этап, калі яна фактычна выступае ў ролі публічнага палітыка. Усе заявы Меланіі, безумоўна, уплываюць на рэйтынг мужа. Увогуле, паліттэхнолагі пазітыўна ацэньваюць тандэм Дональд — Меланія. На іх думку, дастаткова мяккі і інтэлігентны характар Меланіі здольны кампенсаваць экстравагантныя выхадкі мужа. Хаця, з іншага боку, сам Трамп сцвярджае, што менавіта жонка прыдумала агрэсіўны стыль яго выбарчай кампаніі.

Таксама электарату можа спадабацца такая якасць Меланіі, як паслядоўная падтрымка сваёй другой паловы. Што б пра Трампа ні пісала прэса, Меланія заўсёды кажа, што яе Дональд мае «геніяльны розум». Яна нават не крытыкуе агрэсіўныя выказванні мужа супраць іншаземцаў, да катэгорыі якіх таксама, па-сутнасці, належыць. Меланія старанна выконвае абавязкі маці, займаецца адукацыяй сына, што таксама падабаецца выбаршчыку. Акрамя таго, яна валодае чатырма мовамі і, безумоўна, як бізнесмен, больш валявая і здольная браць адказнасць за свае крокі.

На пытанне, што яна будзе рабіць, калі Трамп пераможа на выбарах, Меланія кажа, што будзе паводзіць сябе максімальна кансерватыўна. Для яе узарам першых лэдзі з’яўляюцца жонкі прэзідэнтаў Кенэдзі і Форда. У сваю чаргу, палітолагі кажуць, што прыход Меланіі ў Белы дом выкліча там рэвалюцыйныя змены, падобныя на тыя, што зрабіла ў свой час славутая Жаклін Кенэдзі.

Калі пакапацца ў гістарычных архівах, то постаць Меланіі ўвогуле выглядае не такой ужо і арыгінальнай. У гісторыі ўжо былі першыя лэдзі, якія нарадзіліся за межамі ЗША. Гэта, напрыклад, жонка прэзідэнта Адамса. Трошкі амаральна з пункту гледжання амерыканскіх кансерватараў выглядала і Нэнсі Рэйган. Яна была не першай жонкай прэзідэнта Рональда Рэйгана. Дарэчы, і сам Трамп праз прызму гісторыі выяўляецца не такім ужо экстрэмістам. Усе крытыкуюць яго скандальную прапанову не пускаць мусульман у ЗША. Аднак сто год таму такое ж катэгарычнае правіла дзейнічала адносна кітайцаў, і прагрэсіўную публіку тая норма  асабліва не хвалявала. У любым выпадку, пра сапраўдную натуру Меланіі лепш казаць, калі пачнуцца праймерыз, і яна будзе вымушана часцей з’яўляцца на публіцы.

Па вялікім рахунку, з’яўленне ў Белым доме Меланіі — не самы вялікі катаклізм для вобраза першых лэдзі амерыканскіх прэзідэнтаў. Калі прэзідэнтам стане Хілары Клінтан (а яна зараз лідар сацыялагічных апытанняў), то тэрмін першай лэдзі набывае заблытаны фармат. У такім выпадку трэба будзе казаць пра «першага джэнтльмена», функцыі якога павінен выконваць муж Хілары — Біл Клінтан. «Першы джэнтльмен» — гэта ўжо гучыць як нейкі нонсэнс, не кажучы пра тое, што асабістыя адносіны паміж Хілары і Білам, мякка кажучы, не ідэальныя.