Польшча. Комікі атакуюць Качыньскага
Апошнім часам у Польшчы назіраецца кардынальная змена палітычных сімпатый. Кіруючая кансерватыўная партыя «Права і Справядлівасць» (PiS) паступова губляе электарат на карысць ліберальнай апазіцыі.

Фота www.newsweek.pl
Такую метамарфозу шэраг польскіх палітолагаў тлумачаць фурорам сатырычнага шоў «Ucho Prezesa». Гэта серыял, які стварыла вядомая польская камедыйная трупа «Kabaret Moralnego Niepokoju».
Падзеі серыялу адбываюцца ў кабінеце прэзідэнта, які па лексікону і жэстам вельмі падобны да Яраслава Качыньскага, лідара PiS. Прэзідэнт, ролю якога выконвае акцёр Роберт Горскі, сустракае наведвальнікаў, каб даць ім розныя загады або заслухаць справаздачы.
Серыял, які стартаваў у лютым на Youtube, вельмі падабаецца палякам, пра што сведчыць вялікая колькасць праглядаў кожнага эпізоду (каля 4,5 мільёна гледачоў).
Цікава, што кансерватыўная прэса ўскосна таксама прызнае ролю серыяла ў кампраметацыі ўраду. У сувязі з гэтым некаторыя палітолагі не выключаюць, што праблема «Ucho Prezesa» будзе асобна разглядацца на красавіцкім з’ездзе партыі Качыньскага.
Паводле польскай прэсы