Польшча. Што рабіць з Мартай?
У польскіх кансерватараў абвастрылася праблема пад імем Марта. Гаворка пра Марту Качыньскую — дачку прэзідэнта Леха Качыньскага, які загінуў у 2010 годзе ў катастрофе пад Смаленскам.
Вобраз загінулага прэзідэнта адыгрывае вялікую ролю ў светапоглядзе кансерватыўных палякаў і ідэалогіі ўрадавай партыі «Права і справядлівасць» (PiS).
Але святы вобраз Леха Качыньскага часам псуе Марта, у якой вельмі бурлівае асабістае жыццё. Яшчэ не забыўся першы шлюб Марты, які кіраўніцтва PiS вырашыла выкарыстоўваць у палітычных мэтах. Партрэт Марты з дзіцём змясцілі на партыйныя білборды з подпісам «Сям'я. Годнасць. Праца».
Аднак доўга білборды не прастаялі, паколькі Марта падала на развод. Яе другі шлюб адразу ж выклікаў скандал — першы і другі муж спрачаліся ў судзе за бацькоўства другога дзіцяці.
Зрэшты, другі шлюб таксама быў нядоўгім. І вось новы шок — Марта ў трэці раз выйшла замуж, што, вядома, рыкашэтам ударыла па аўтарытэце PiS, якая заклікае ахоўваць сямейныя каштоўнасці.
Паводле польскай прэсы