Прэзідэнт Літвы падпісала «закон Магніцкага»

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ падпісала так званы закон Магніцкага, які з наступнага года забароніць уезд у краіну замежнікам, звязаным з карупцыяй, адмываннем грошай і парушэннямі правоў чалавека.

denied_1936877_1280.png


Па словах Грыбаўскайтэ, прымаючы гэты закон, Літва разам з іншымі міжнароднымі супольнасцямі кажа "не" парушэнням правоў чалавека, "брудным" грошам і парушэнням законаў. "Вяршэнства закона і павага да правоў чалавека — неад'емная частка прававой дзяржавы. Тыя, хто топча агульнапрынятыя правы і свабоды чалавека, абавязаны ведаць, што ў дэмакратычным свеце яны непажаданыя", — сказана ў прэс-рэлізе.
Закон, названы імем Сяргея Магніцкага, у 2012 годзе прынялі ЗША, ужыўшы санкцыі ў дачыненні да расійскіх службовых асоб, звязаных з парушэннямі правоў чалавека. ЗША забаранілі выдаваць ім візы і замарозілі актывы, у спісе цяпер значыцца больш за 40 прозвішчаў. Юрыст Магніцкі памёр у следчым ізалятары ў Маскве ў лістападзе 2009 года. Расійскія ўлады абвінавачвалі Магніцкага ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, але яго калега сцвярджае, што крымінальная справа была ўзбуджана ў адплату за паказанні пра тое, што супрацоўнікі праваахоўных органаў маглі быць звязаныя з апублікаванай ім схемай крадзяжоў.

22ac1cd039203cf459df728a28dceba2.jpg

Сяргей Магніцкі
16 лістапада Парламент Літвы прыняў закон Магніцкага 16 лістапада — па ім у краіну будзе забаронены ўезд замежнікам, звязаным з буйной карупцыяй, адмываннем грошай, парушэннем правоў чалавека. Рашэнне забараніць уезд такім замежнікам у Літву па прапанове кіраўніка МЗС прыме міністр унутраных спраў.
У мінулы чацвер парламент прыняў рэзалюцыю з прозвішчамі 44 асоб, якія могуць быць унесены ў спіс непажаданых у Літве. У асноўным гэта расійскія грамадзяне, сярод іх кіраўнік Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін, які кіраваў справай Магніцкага, намеснік кіраўніка Следчага камітэта пры МУС, генерал-маёр Алег Лагуноў, суддзі, якія прынялі рашэнне па справе Магніцкага, — Алена Сташына, Аляксей Крываручка, Святлана Ухналёва, Сяргей Подапрыгораў, кіраўніцтва Маскоўскай падатковай інспекцыі, розныя чыноўнікі і іншыя асобы.

Паводле delfi.lt