Расія рыхтуецца да ваеннага становішча?
У Калужскай вобласці ў прыватныя гаспадаркі пачалі рассылаць паведамленні аб тым, што ў ваенны час яны павінны будуць пастаўляць сваю прадукцыю для дзяржаўных патрэб.
Карэспандэнту «Медузы» стала вядома, што ў Жукоўскім раёне рассылаюць апавяшчэнне, падпісанае кіраўніком адміністрацыі раёна Анатолем Суярко. У гэтым дакуменце гаворыцца, што «ў адпаведнасці з зацверджаным мабілізацыйнымі планам муніцыпальнага раёна», прадпрыемства «ў ваенны час будуць прыцягвацца да паставак прадукцыі (работ, паслуг) для дзяржаўных патрэб у адпаведнасцi з наменклатурай прадукцыі», якую яны вырабляюць.
Дырэктарам прадпрыемстваў трэба падпісацца, што яны азнаёмленыя з гэтым паведамленнем, і выслаць другі падпісаны экзэмпляр у аддзел грамадзянскай абароны і надзвычайных сітуацый адміністрацыі да канца ліпеня.
«Медузе» вядома аб двух такіх апавяшчэннях, якія адміністрацыя даслала ў гаспадаркі, размешчаныя ў Жукоўскім раёне.
Загадчык аддзела грамадзянскай абароны і надзвычайных сітуацый адміністрацыі раёна Віктар Кацыкало паведаміў «Медузе», што «раней такой працы не праводзілася, але цяпер яна праводзіцца», бо ад адміністрацыі вобласці прыйшла каманда «рассылаць указанне». Паводле яго слоў, паведамленні былі разасланыя ва ўсе арганізацыі на тэрыторыі раёна, і яго падпісалі ўсе кіраўнікі.
«Калі гаспадарка вырошчвае збожжа, то зразумела, што яна яго будзе вырошчваць і ў ваенны час», — сказаў чыноўнік, адзначыўшы, што не ведае, ці будуць прадукцыю адбіраць бязвыплатна. Іншыя падрабязнасці ён расказваць не стаў, спаслаўшыся на грыф «сакрэтна».
Губернатар Калужскай вобласці Анатоль Артамонаў заявіў «Медузе», што нічога пра гэта не ведае і ніякіх даручэнняў на гэты конт не даваў.
У законе «Аб ваенным становішчы» ёсць наступны артыкул: «На тэрыторыі, на якой уведзена ваеннае становішча, прымяняюцца меры па арганізацыі вытворчасці прадукцыі (выканання работ, аказання паслуг) для дзяржаўных патрэб, забеспячэння Узброеных Сіл РФ і для патрэб насельніцтва».
1 ліпеня прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў змены ў федэральны канстытуцыйны закон «Аб ваенным становішчы»: ён быў дапоўнены артыкулам 10.1, у адпаведнасці з якім на тэрыторыі РФ або ў асобных яе мясцовасцях, дзе ўведзена ваеннае становішча, вядзецца «тэрытарыяльная абарона».