
15 студзеня Казахстан выбірае новы парламент, які цяпер, паводле закону, павінен быць шматпартыйным (зараз усе казахскія парламентарыі —сябры афіцыйнай партыі “Нур
Атан). Ці можна разглядаць гэта як пачатак лібералізацыі ў краіне? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з Андрэем Грышыным, праваабаронцам з
Алма-Аты.
— Выбары 15 студзеня — пазачарговыя. Нашто Назарбаеву спатрэбілася распускаць стары парламент?
— Думаецца, усё лагічна звязана з пазачарговымі прэзідэнцкім выбарамі мінулага года. Папросту наша ўлада імкліва губляе папулярнасць. Плюс падзеі ў арабскім свеце прымушаюць прэзідэнта і яго
асяроддзе сур’ёзна пахвалявацца. І ёсць прычыны. У такіх умовах, калі чакаць правядзення выбараў па графіку, можна атрымаць правал і Назарбаева, і яго партыі. Будзе проста немагчыма схаваць
спробы фальсіфікацый, што, у сваю чаргу, можа лёгка прывесці да рэвалюцыі па арабскім сцэнары. Таму лепш рабіць выбары зараз, пакуль эканоміка канчаткова не абвалілася, пакуль прэзідэнт і яго партыя
маюць больш-менш прыстойны рэйтынг, пакуль, нарэшце, проста холадна. Усё гэта, як мне здаецца, і прывяло да пазачарговых выбараў.
— На якім эканамічным фоне праходзяць выбары?
— Эканамічнае падзенне на ўсіх узроўнях, акрамя нафтавага сектара (хоць і там з-за страйку адбылося падзенне здабычы нафты), упэўнена працягваецца ўжо гады два. Але нафтавая галіна
— гэта далёка не ўвесь Казахстан. Паколькі ж Казахстан заўсёды ганарыўся тым, што больш астатніх у СНД інтэграваны ў сусветную эканоміку, а асабліва ў банкаўскі сектар, то і плады крызісу
прыйшліся на яго ў першую чаргу. Насамрэч, эканоміка ў заняпадзе, і ўлады гэта добра разумеюць, хоць і спрабуюць зрабіць выгляд, нібыта ўсё ідзе так, як і павінна быць.
— Што ўяўляе сабою афіцыйная партыя “Нур-Атан?
— Што можа ўяўляць сабой афіцыйная партыя ў краінах СНД? Тое ж, што і ўсюды. Гэта праект прэзідэнта, прызначаны для таго, каб утрымліваць уладу на ўсіх франтах, у тым ліку і ў парламенце.
Калі ўлічыць, што ў партыю “Нур Атан уваходзяць прыкладна 90 працэнтаў чыноўнікаў на добраахвотнай аснове, і звычайных дзяржслужачых (ужо добраахвотна-прымусова), так што можна
сказаць, “Нур-Атан — партыя чыноўнікаў. А ўлічваючы гіганцкі ўзровень карупцыі, яна нічым ад расійскага аналагу не адрозніваецца — партыя жулікаў і карупцыянераў,
як цяпер называюць яе ў апазіцыйных колах.
— Наколькі выбары сумленныя? Ці выкарыстоўваюць улады адміністратыўны рэсурс? Ці мае апазіцыя доступ да СМІ?
— На дадзены момант выбарчая кампанія праходзіць досыць сумленна, і ўсе партыі маюць больш-менш роўнае асвятленне і доступ да выбарцаў, хоць, вядома, на гэтым фоне ў “Нур
Атан зноў жа больш прывілеяў. Аднак незадоўга да выбараў па надуманых прычынах была прыпынена дзейнасць Камуністычнай партыі Казахстана — адзінай зарэгістраванай партыі, якая
адносіцца да паслядоўнай апазіцыі, а тыдзень таму з перадвыбарнай гонкі знялі партыю “Руханіят. Так што цяпер з усяго спісу партый людзі ведаюць усяго дзве —
“Нур-Атан і канфармісцкую, але ўсё ж прыналежную да апазіцыі Аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю “Азат. Астатнія ж — не больш чым праекты
“Нур-Атан, прыдуманыя ўладай для таго, каб хоць неяк легітымізаваць гэтыя выбары ў вачах міжнародных назіральнікаў.
Што тычыцца СМІ, то рэальна ў апазіцыі толькі доступ ва ўласныя газеты і інтэрнэт. Цяпер, вядома, тэлебачанне таксама паказвае і мерапрыемствы “Азат, але чым бліжэй да выбараў, тым
больш негатыўны тон у тэлевізійных сюжэтаў. Гэта значыць, намінальна партыя мільгае ў навінах, але ў якім кантэксце, пытанне ўжо іншае…
— Чаму знялі з выбараў партыю “Руханіят, якая выступае пад лозунгам “Казахстан для казахаў?
— Трэба сказаць, што “Руханіят, і асабліва яе новы кіраўнік Серыкжан Мамбеталін, зрабілі ўсё магчымае, каб не дайсці да фінішу. Насамрэч, рэзкі заварот партыі ад
“зялёнай да нацыяналістычнай рыторыкі мог занепакоіць уладу, паколькі ў партыю ўліліся знакавыя постаці нацыянал-патрыятычнага фронту Казахстана. З іншага боку, самі партыйцы
дапусцілі мноства промахаў — і з партыйным з’ездам, і з дакументамі, так што зняць “Руханіят з гонкі насамрэч нічога не каштавала, і пры гэтым усё зрабіць па
законе. Сам Мамбеталін нават не хавае, што набыў гэту партыю ў яе заснавальніцы — Алтыншаш Джаганавай. І, дарэчы, у ліку іншых версій, чаму раптам заснавальнік партыі ўз’елася на
Мамбеталіна і запатрабавала прызнаць з’езд несапраўдным, ёсць і такая, што Мамбеталін папросту не выплаціў ёй усёй абяцанай сумы.
— Што сабой уяўляе лагер ручной апазіцыі?
— Насамрэч, нічога не ўяўляе. “Ак-жол, “Ауыл, “Адылет, Камуністычная народная партыя Казахстана (створаная ў піку апазіцыйнай
Кампартыі), Партыя патрыётаў — усё гэта палітычныя карлікі, якія складаюцца з некалькіх дзясяткаў чалавек, хоць афіцыйна кожная з іх мае мінімальна 50 тысяч чальцоў. Але ўсплываюць яны
выключна падчас выбараў, у астатні ж час знаходзяцца ў глыбокай спячцы ці наогул іх няма нідзе, у іх нават няма офісаў і сайтаў.
— Як падзеі ў Жанаазене паўплывалі на выбарчую кампанію і на апазіцыю? Ці стала яна больш левай?
— Апазіцыя, натуральна, не палявела, але адбылося іншае: раптам у чарговы раз ліберальная, нацыяналістычная і левая апазіцыя апынулася па адзін бок барыкад, паколькі кожная з іх, хай і са
сваіх пазіцый, але лічыць, што ў жанаазенскіх падзеях вінаватая ўлада. Думаецца, падобны пакт скончыцца праз пару месяцаў, і далей яны працягнуць традыцыйныя міжусобныя разборкі.
— Пішуць, што выбары павінны адыграць нейкую ключавую ролю ў аперацыі “Пераемнік.
— У Казахстане пасля Жанаазена ўсё перавярнулася з ног на галаву. Раней лічылася, што ў якасці пераемніка Назарбаеў зробіць стаўку на зяця Цімура Кулібаева, мільярдэра, які ўзначальвае фонд
Самрук-Казына, якому падпарадкоўвалася і нацыянальная нафтаздабываючая кампанія. Пасля Жанаазена прэзідэнт зняў Кулібаева з яго пасады. Затое зноў усё часцей пачала мільгаць старэйшая дачка Дарыга
Назарбаева, якая адышла ў цень пасля таго, як яе муж Рахат Аліеў быў абвешчаны ворагам дзяржавы і збег з краіны. Але ўсё ж, думаецца, калі пераемнік і існуе, то гэта чалавек з бліжэйшага палітычнага
асяродку Назарбаева, але не сябра яго сям’і, якая не апраўдвае яго давер.
— Якія прагнозы вынікаў галасавання 15 студзеня і наступных падзей?
— Прагнозы стандартныя. Партыя ўлады набярэ 90 працэнтаў. Нейкая з карлікавых праўладных партый пройдзе ў парламент з мінімальнай колькасцю месцаў, як таго і патрабуе закон. Народ успрыме
гэта як належнае, АБСЕ апублікуе крытычную справаздачу. І на гэтым усё.
Рэвалюцыі не будзе… Пакуль.