Саакашвілі плануе разагнаць ўкраінскую міліцыю

Рэформу МУС Міхаіл Саакашвілі ўжо праводзіў у Грузіі, калі займаў пасаду прэзідэнта гэтай краіны.



10_mvd_ukraine.jpg

Губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі мае намер у бліжэйшы час унесці ва ўкраінскі парламент законапраект аб рэформе праваахоўнай сістэмы.

"Трэба прыбраць усіх праваахоўнікаў, адназначна. Гэта вельмі проста зрабіць, і таму патрэбныя выразна распісаныя законы, у гэтым нам Рада патрэбная. І мы гэты закон занясем заўтра-паслязаўтра", — заявіў ён.

Таксама Саакашвілі заклікае "памяняць мытню" і прывесці ў яе "нармальных людзей". У прыватнасці, ён паабяцаў дамагчыся адстаўкі выконваючага абавязкі кіраўніка Адэскай мытні.

У рамках рэформы МУС у Грузіі кадравы склад паліцыі амаль цалкам абнавіўся. Дарожная паліцыя была наогул скасаваная — замест яе стварылі патрульную паліцыю, супрацоўнікаў якой набралі па конкурсе.

Больш падрабязна пра рэформу МУС Грузіі можна прачытаць у матэрыяле журналіста "НЧ".

24 чэрвеня Міхаіл Саакашвілі абвінаваціў кіраўніка Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Украіны Дзяніса Антанюк і яго падначаленых у карупцыі і лабіяванні інтарэсаў асобных авіякампаній. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка неадкладна распарадзіўся пачаць расследаванне дзейнасці службы, паведамляе "Медуза".