Саргсян заклікае дэманстрантаў да дыялогу. Апазіцыя кажа, што ўжо позна

Прапанова лідарам апазіцыі прагучала ад новага прэм’ера толькі на дзявяты дзень пратэстаў.

Пратэст супраць абрання Сержа Саргсяна прэм'ер-міністрам краіны. 19 красавіка 2018 года. Ерэван, Арменія. Фота – Artyom Geodakyan/TASS

Пратэст супраць абрання Сержа Саргсяна прэм'ер-міністрам краіны. 19 красавіка 2018 года. Ерэван, Арменія. Фота – Artyom Geodakyan/TASS


Серж Саргсян, які быў прызначаны на пасаду прэмʼер-міністр пасля 10 гадоў прэзідэнтуры, заклікае да дыялогу з апазіцыйнымі дэманстрантамі.
«Я глыбока занепакоены палітычнымі падзеямі ў краіне і заклікаю дэпутата Ніколу Пашыняна распачаць палітычны дыялог, з тым каб пазбегнуць незваротных стратаў», – заявіў Саргсян. – Гэта павінна быць зроблена неадкладна».
Нікол Пашынян, апазіцыйны дэпутат і лідар пратэстаў, адказаў, што гэта «занадта позна, каб гаварыць з урадам.»
«Я заклікаю Сержа Саргсяна прыняць нашае патрабаванне», – цытуе апазіцыянера Reuters.
Удзельнікі вулічных акцыяў лічаць, што Саргсян чапляецца за ўладу, і патрабуюць ягонае адстаўкі.
Спецслужбы заяўляюць, што ў Арменіі рыхтаваліся выбухі
На фоне пратэстаў Служба нацыянальнай бяспекі Арменіі паведаміла ў суботу пра затрыманне шасці чалавек, датычных да падрыхтоўкі выбухаў у грамадскіх месцах.
Выбухі павінныя былі «прывесці да ўсеагульнай атмасферы страху», «ціску на дзяржаўныя органы і выкананню імі канкрэтных патрабаванняў», падае «Інтэрфакс».
Падазраваныя, па паведамленні спецслужбы, звязаныя з групоўкай «Сасна црэр», чальцы якой у 2016 годзе захапілі паліцэйскі полк у Ерэване.
Агулам у суботу было затрымана 93 дэманстранты.
Серж Саргсян быў прэзідэнтам Арменіі з 2008 года. Сёлета скончыўся ягоны другі, апошні, тэрмін. У аўторак парламент абраў Саргсяна прэмʼерам.
Згодна са зменамі ў Канстытуцыі, якія былі прынятыя пасля рэферэндуму ў 2015 годзе, цяпер прэмʼер-міністр мае вялікую ўладу ў Арменіі, пасада прэзідэнта стала ў значнай ступені цырыманіяльнай.
Пратэсты ў Арменіі цягнуцца з канца мінулага тыдня.
Паводле Белсат