Сеул: двое загінулых падчас пратэстаў супраць імпічменту прэзідэнта

Паліцыя Сеула паведамляе пра двух загінулых падчас пратэстных акцый, удзельнікі якіх выступаюць супраць рашэння суда аб імпічменце прэзідэнта краіны Пак Кын Хе.

На вуліцы Сеула выйшлі тысячы прыхільнікаў прэзідэнта Пак Кын Хе. Фота АP

На вуліцы Сеула выйшлі тысячы прыхільнікаў прэзідэнта Пак Кын Хе. Фота АP

Як паведамляюць інфармагенцтвы, адзін з загінулых — 72-гадовы мужчына, які атрымаў шматлікія траўмы галавы, калі выпаў з паліцэйскага аўтобуса насупраць будынка Канстытуцыйнага суда.

Пра асобу другога загінулага інфармацыі не паступала.

Таксама паведамляецца, што падчас пратэстаў пацярпелі некалькі журналістаў. У прыватнасці, траўмы галавы атрымаў аператар японскага інфармацыйнага агенцтва “Кіода”.

Раней у пятніцу Канстытуцыйны суд Паўднёвай Карэі падтрымаў імпічмент Пак Кын Хе, якая апынулася ў цэнтры карупцыйнага скандалу.

Пасля гэтага тысячы прыхільнікаў прэзідэнта выйшлі на вуліцы. Некаторыя з іх біліся з паліцыянтамі і залазілі на паліцэйскія машыны, выстаўленыя для ачаплення вакол суда.

Суд прызнаў віну Пак Кын Хе у тым, што яна дазволіла сваёй блізкай сяброўцы і дарадцу Чхве Сун Сіль уплываць на дзяржаўную палітыку і пакрывала яе карупцыйную дзейнасць.

Гэта рашэнне азначае, што Пак Кын Хе будзе неадкладна адхіленая ад улады і можа падпасці пад крымінальны пераслед па абвінавачваннях у карупцыі. На працягу бліжэйшых 60 дзён у Паўднёвай Карэі павінны прайсці пазачарговыя прэзідэнцкія выбары.

Паводле ВВС