Сяргей Лаўроў: «Заклікаем заходніх спонсараў Кіева суцішыць украінскія ўлады»
Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў выказаўся пра канфлікт у Чорным моры. Ён назваў інцыдэнт у Керчанскім праліве «адназначнай правакацыяй» Кіева.
Паводле слоў
Лаўрова, Украіна парушыла нормы міжнароднага права і стварыла пагрозу для руху
караблёў у раёне праліва. «Парушэнне адбылося, прычым адбылося досыць
небяспечнымі метадамі — манеўраванне ў вузкім праліве, вядома, магло ствараць і
стварала пагрозу і рызыкі для нармальнага руху суднаў па гэтай акваторыі», —
заявіў Лаўроў.
Увядзенне ваеннага становішча на Украіне кіраўнік расійскага МЗС назваў спробай Кіева «выруліць» з сітуацыі, «якая насельніцтвам успрымаецца ўсё больш негатыўна». «Ужо, вы ведаеце, запушчаны працэс абвяшчэння ваенага становішча, ужо [сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр] Турчынаў сказаў, што так, гэта азначае, што выбары не будуць праводзіцца своечасова», — адзначыў Лаўроў.
Ён таксама заклікаў краіны Захаду ўтрымаць Кіеў ад абвастрэння канфлікту. «Жорстка заклікаем заходніх спонсараў Кіева ўсё ж такі суцішыць тых, хто спрабуе цяпер на ваеннай істэрыі зарабіць палітычныя пункты ў сувязі з надыходзячымі выбарамі ці іншымі падзеямі на Украіне», — сказаў Лаўроў.
Паводле meduza.io