СМІ: У ЗША сфармавалі журы прысяжных у «расійскай справе»
Паводле шэрагу СМІ, спецыяльны пракурор Роберт Мюлер сфармаваў вялікае журы прысяжных у справе магчымага ўмяшання Расіі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.
“Wall Street Journal” піша са спасылкай на двух чалавек, знаёмых з пытаннем, што журы пачало працу цягам «апошніх тыдняў». “Reuters” са спасылкай на свае крыніцы піша, што дзеянні журы звязаныя з сустрэчай сына прэзідэнта Дональда Трампа з расійскім адвакатам у 2016 годзе. CNN жа піша, што расследаванне канцэнтруецца на магчымых фінансавых злачынствах.
Трамп раней адмаўляў сувязь свайго выбарчага штабу з Расіяй, цяпер жа назваў «расійскую справу» «поўнай выдумкай», якою ягоныя апаненты апраўдваюць паразу на выбарах.
«Яны спрабуюць падманам пазбавіць вас таго кіраўніцтва, якое вы хочаце, з дапамогаю выдуманае гісторыі, — заявіў Трамп, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі ў Гантынгтане (Заходняя Вірджынія). — Гэта абразліва для ўсіх нас».
Ён дадаў, што спадзяецца, што канчатковая мэта Мюлеравага журы «насамрэч шчырая», але адзначыў, што пракуратуры «варта было б заняцца» справаю электроннай пошты Хілары Клінтан.
Тым часам аналітыкі і палітычныя аглядальнікі падкрэсліваюць сур’ёзнасць рашэння спецыяльнага пракурора склікаць вялікае журы:
«Калі Мюлер сапраўды склікаў вялікае журы, гэта хутчэй за ўсё сведчыць, што ён мае дастаткова доказаў, што паказваюць на здзяйсненне злачынства», — лічыць прафесар Джорджтаўнскага ўніверсітэта Энтані Кларк Арэнд.