Супраць адмовы Чэхіі гандляваць з РФ. Антыўрадавы пратэст у Празе сабраў 70 тысяч мітынгоўцаў
У Празе 70 тысяч чалавек выйшлі на пратэст прарасійскіх сіл: супраць высокіх цэн на нафту і газ, санкцый у дачыненні да Расіі і паставак зброі Украіне.
Дзясяткі тысяч чалавек сабраліся ў цэнтры Прагі на дэманстрацыю супраць урада, а таксама з патрабаваннем да дыялогу з Расіяй. Пра гэта піша «Еўрапейская праўда» са спасылкай на Ceske Noviny.
Паліцыя ацаніла колькасць пратэстоўцаў у 70 000 чалавек. «Сход на Вацлаўскай плошчы праходзіць мірна, і нам пакуль не даводзілася вырашаць якія-небудзь сур'ёзныя праблемы. Паводле нашых ацэнак, колькасць удзельнікаў на 14:30 складае каля 70 000 чалавек», — паведаміла чэшская паліцыя ў Twitter.
Многія дэманстранты прынеслі чэшскія сцягі, некаторыя — барабаны і транспаранты. У пратэстоўцаў былі плакаты супраць ЕС, NATO, прэм'ер-міністра Пятра Фіяла, «зялёнага курсу» для Еўропы і супраць адмовы ўрада супрацоўнічаць з Расіяй. На плошчы стаяць стэнды і сцягі Камуністычнай партыі Чэхіі і еўраскептычнага руху «Трыкалор».
Арганізатары акцыі патрабуюць адстаўкі ўрада. У той жа час яны хочуць, каб урад дазволіў іх экспертам весці перамовы аб куплі газу і нафты ў РФ.
«Чэшскай Рэспубліцы трэба чэшскі ўрад. Урад Фіяла можа быць украінскім, можа быць брусэльскім, але дакладна не чэшскім», — сказала кіраўнік «Трыкалора» Зузана Заграднікова. Яна лічыць, што ўрад павінен адмяніць антырасійскія санкцыі, бо яны наносяць шкоду чэшскім бізнесоўцам. Яна таксама патрабуе спыніць пастаўкі зброі ва Украіну.
Прэм'ер Фіяла заявіў, што сённяшняя дэманстрацыя ініцыяваная сіламі, якія заяўляюць пра сваю прарасійскую пазіцыю і выступаюць супраць інтарэсаў Чэхіі: «Зразумела, што расійскія прапагандысцкія і дэзынфармацыйныя кампаніі з'яўляюцца на нашай тэрыторыі неаднаразова, і хтосьці проста паддаецца ім», — сказаў Фіяла. Паводле яго слоў, палітыка папярэдняга ўрада Андрэя Бабіша (ANO) пакінула Чэхію цалкам залежнай ад расійскіх энерганосьбітаў, і цяперашні ўрад робіць крокі, каб як мага хутчэй пазбавіцца ад гэтай залежнасці. Фіяла дадаў, што кожны мае права выказваць сваё меркаванне і праводзіць дэманстрацыі.
Паводле www.ceskenoviny.cz, www.eurointegration.com.ua