Тры тлумачэнні, нашто Лукашэнка хоча пазбаўляць незадаволеных грамадзянства
Ініцыятыву пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія эмігравалі, вырашылі кораценька абмеркаваць аўтары тэлеграм-канала «Лялькав*д і авечка». Яны адзначылі, што бачаць тры магчымыя тлумачэнні гэтай ініцыятывы.
Першае: Лукашэнка рыхтуецца да вялікага гандлю з Захадам, які, натуральна, прадугледжвае выпуск усіх палітвязняў з турмы і не-арышт новых. Аднак жа зразумела, што ў такой сітуацыі гэта прывядзе да новых 300-тысячных мітынгаў у Мінску.
Таму хітрая ідэя можа палягаць у тым, каб спачатку пазбавіць грамадзянства ўвесь актыў, які з'ехаў за мяжу. А потым выпусціць усіх палітвязняў у надзеі на тое, што практычна ўсе актыўныя грамадзяне ўжо за мяжой — і цяпер яны не могуць уехаць у Беларусь не па той прычыне, што падвяргаюцца палітычным рэпрэсіям, а таму што ў іх проста няма беларускіх візаў.
Другое тлумачэнне таксама вынікае з магчымага гандлю з Захадам. Ну вось ёсць, дапусцім, які-небудзь беларус-экстрэміст, які жыве, напрыклад, у Нідэрландах, прыляціць ён у Беларусь — яго адразу пасадзяць. Ну, адным больш, адным менш, на фоне ўкраінскіх падзей Еўрасаюз на такое ўжо асаблівай увагі не звяртае.
А вось калі гэтага чалавека спачатку пазбавіць грамадзянства, то Нідэрланды, хутчэй за ўсё, выдадуць яму калі не грамадзянства, то від на жыхарства — гэта значыць, тым самым узяўшы чалавека пад уласную асабістую апеку.
І потым Лукашэнка, які арыштаваў былога беларускага грамадзяніна, ужо зможа прадаваць Еўропе не нейкіх малакаштоўных (на ягоную думку) беларусаў, а сапраўдных грамадзян Еўрасаюза. Яны ж дакладна пойдуць па больш высокім курсе.
Аднак, скажам праўду, усе прыведзеныя вышэй выдумкі занадта складаныя для беларускай улады. Мы настойваем на тым, што Лукашэнка ляпнуў пра грамадзянства проста таму, што яму трэба ўвесь час нешта казаць. Яму нельга замаўкаць. Інакш ён застанецца адзін на адзін са сваім страхам. Вось таму кожны дзень ён распавядае то пра даўгунец, то пра беларускія ноўтбукі, то пра пазбаўленне грамадзянства, то пра ядзерныя ракеты, то пра тое, адкуль рыхтаваўся напад. Таму (як і раней) заклікаем вас асаблівай увагі на гэта не звяртаць.