«Свабоду Навальнаму!» і «Жыве Беларусь!». Як пераследуюць беларусаў у Расіі
Прадстаўнікоў беларускага зямляцтва ў Пецярбургу арыштоўваюць і штрафуюць за акцыі салідарнасці з землякамі. Пяцёра беларусаў ужо затрыманыя і адбываюць арышт ў спецразмеркавальніку, адзін з іх абвясціў галадоўку. У чым іх абвінавачваюць і ці пагражае ім экстрадыцыя? — задаецца пытаннямі «Белсат».
«Мы тут жывем у гасцях»
У Пецярбургу 23 сакавіка супрацоўнікамі паліцыі было затрымана пяцёра беларусаў, іх даставілі ў 30-ы аддзел паліцыі і склалі пратаколы паводле арт. 20. 2 КаАП — арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства.
Падставай для затрымання паслужыў ролік, апублікаваны ў сацсетках, на якім актывісты спяваюць песню ў падтрымку музыкаў Беларусі, якія выступаюць на пратэстных маршах. Падчас паўзы адна з удзельніц, Юлія Штанько, вымаўляе «Свабоду Навальнаму» і «Жыве Беларусь!». Запіс гэтага роліка Пецярбургская паліцыя палічыла акцыяй пратэсту. Прадстаўнікоў беларускага зямляцтва Уладзіміра Драгуна, Юлію Штанько, Паўла Штанько, Ягора Мякіннікава і Жанну Галееву двое сутак пратрымалі ў аддзеле паліцыі.
Пра ўмовы ўтрымання ў аддзеле карэспандэнту «Вот Так»
распавяла грамадзянка Беларусі Жанна Галеева: «Там камера не праветрываецца
наогул, вентыляцыя не працуе. Побач туалет і калі прывозяць затрыманых, яны там
паляць. Гэта ўсё паступае ў камеру і там становіцца немагчыма дыхаць. Спалі мы
на падлозе, нас не кармілі, толькі перадачкі ад таварышаў. Пастаянна казалі,
што мы хутка паедзем у суд, па факце мы прабылі больш за 50 гадзін у такіх
умовах, што з’яўляецца парушэннем нашых правоў», — падкрэсліла Жанна.
Пачынаючы з 9 жніўня 2020 года, беларусы Пецярбурга штодня
збіраліся ля мясцовага аддзялення амбасады, пратэстуючы супраць вынікаў выбараў
у Беларусі, пакуль у снежні іх упершыню не затрымалі. Пасля гэтага яны сталі
запісваць відэа ў розных месцах горада ў падтрымку суайчыннікаў. Гэтыя акцыі
раней не прыцягвалі ўвагі праваахоўнікаў, растлумачыў прадстаўнік Беларускага
зямляцтва Уладзімір Драгун. Ён мяркуе, што прычынай падвышанай цікавасці да
зямляцтва з боку расійскіх праваахоўнікаў стаў Дзень Волі — затрыманні пачаліся
за пару дзён да свята. Востра адрэагаваць паліцэйскія маглі і на лозунг
«Свабоду Навальнаму», які прагучаў у роліку.
«Але важна разумець — усё, што мы робім, не накіравана на
звяржэнне канстытуцыйнага ладу РФ. Мы тут жывем у гасцях, усе тут працуем. Мы — звычайныя людзі, якія хацелі мець права голасу, голасу супраць Лукашэнкі. І
баліць сэрца ў беларусаў, таму што нічога не змяняецца ў лепшы бок у роднай
краіне — Лукашэнка трымае ўладу сілавымі метадамі, катуе і забівае мірных
грамадзян», — распавёў Уладзімір.
«Вось скрыншот роліка, а вось ты, у шапцы і масцы»
Раённы суд Васільеўскага востраву прызначыў арышт усім пяцярым беларусам. Уладзімір Драгун атрымаў самы вялікі тэрмін — 9 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкулу 20.2 КаАП — арганізацыя публічнага мерапрыемства. Сам Уладзімір падкрэсліў, што ў здымках дадзенага роліка ён удзелу не прымаў.
«Мяне арыштавалі за акцыю, у якой я нават не браў удзелу.
Мне было сказана: вось скрыншот роліка, а вось ты, у шапцы і масцы. Я ў
аддзяленні паліцыі яшчэ настойваў, каб яны мае словы на паліграфе правяралі.
Але яны адмовіліся», — растлумачыў Уладзімір карэспандэнту «Вот Так».
Суддзя адхіліла хадайніцтва абароны аб выкліку ў якасці
сведак супрацоўнікаў паліцыі і цэнтру па барацьбе з экстрэмізмам, якія
заключылі, што Драгун прысутнічае на відэа. Пасля абвяшчэння рашэння суда
Уладзімір Драгун абвясціў галадоўку. Па словах адваката «Апалогіі пратэсту»
Луізы Магамедавай, Уладзімір галадае ўжо чацвёра сутак.
«Ён паведаміў начальніку спецпрыёмніка аб галадоўцы ў
пісьмовай форме. З яго заявы вынікае, што ён галадоўку абвясціў у сувязі з
неправамерным рашэннем суддзі Прозаравой, і мае намер галадаць усе дзевяць
дзён», — падкрэсліла адвакат.
Са спецпрыёмніка Уладзімір напісаў ліст да прадстаўнікоў
зямляцтва, дзе распавёў аб сваім фізічным і маральным стане: «За мяне не
хвалюйцеся, я трымаю галадоўку, таму што лічу ў гэтых умовах гэта адзіны
магчымы варыянт законнага пратэсту. Адмовіўся ад медыцынскага забеспячэння, бо
лекар хацеў адправіць мяне на прымусовае лячэнне — ўпаў ціск да 90/60,
з’явілася галавакружэнне і слабасць. Але праведзеныя ў бальніцы суткі не
будуць залічаныя, а слабасць толькі фізічная — не валявая. Жыве Беларусь».
Дэпутат Заканадаўчага сходу Пецярбурга ад партыі «Яблоко» Барыс Вішнеўскі падтрымаў лідэра беларускага зямляцтва.
«Суд адмовіўся выклікаць сведкамі тых супрацоўнікаў паліцыі,
якія далі заключэнне, што на відэа — менавіта Драгун. Але там зусім іншы
чалавек. Шмат разоў сустракаліся з Валодзем на акцыях падтрымкі ля амбасады.
Яго арышт — абсалютнае беззаконне. Уладзімір Драгун павінен быць вызвалены!», — напісаў палітык у сваіх сацсетках.
Парушэнне правілаў рэжыму знаходжання
Ад двух да сямі сутак атрымалі яшчэ чацвёра пецярбургскіх беларусаў. Сем сутак атрымала Юлія Штанько — на відэа яна вымаўляе лозунг «Свабоду Навальнаму».
«Суддзя Васілевостраўскага раённага суда задавала дзяўчыне
пытанні аб стаўленні да палітыкі Аляксея Навальнага і несанкцыянаванай акцыі 23
студзеня ў Пецярбургу. Юлія запэўніла, што відэа не было прысвечанае расійскай
палітыцы, але засталася непачутай», — патлумачыла карэспандэнту «Вот Так»
адвакат «Апалогіі пратэсту» Вольга Цэйтліна.
Тэрмін у двое сутак атрымаў грамадзянін Беларусі Ягор
Мякіннікаў і тут жа быў вызвалены ў зале суда, бо суд залічыў яму ў тэрмін арышту
праведзеныя ў паліцыі двое сутак. Аднак на выхадзе з суда ён зноў быў затрыманы — ужо па абвінавачванні ў парушэнні міграцыйнага заканадаўства. Прабыўшы яшчэ
ноч у аддзяленні паліцыі ён быў дастаўлены ў суд. 24-гадовага Мякіннікава
прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 18.8 Каап РФ — парушэнне замежным грамадзянінам
правілаў рэжыму знаходжання ў РФ, здзейсненае ў Ленінградскай вобласці.
«У пратаколе гаварылася, што Мякіннікаў жыве ў Ленінградскай
вобласці, «пры гэтым пастаноўку на міграцыйны ўлік па паказаным адрасе не
ажыццявіў». У пратаколе мужчына растлумачыў, што знаходзіцца ў шлюбе з
грамадзянкай Расіі, афіцыйна працаўладкаваны, пражывае з жонкай адзінай сям’ёй,
вядзе сумесную гаспадарку і выплачвае іпатэку. Выправаджэнне Мякіннікава ў
Беларусь — парушэнне артыкула 8 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных
свабод, які гарантуе права на павагу да прыватнага і сямейнага жыцця. Акрамя
таго, на радзіме мужчыну можа пагражаць небяспека», — растлумачыў адвакат
«Апалогіі пратэсту» Сяргей Локцеў.
Суддзя Аксана Дземяшава адмовіла ў выправаджэнні
грамадзяніна Беларусі, але яго аштрафавалі на 5000 рублёў. На Паўла Штанько
пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту таксама склалі пратакол за парушэнне
рэжыму знаходжання ў Расіі і аштрафавалі на 5000 рублёў. Арыштаваныя беларусы
не маюць расійскага грамадзянства, а значыць ім можа пагражаць не толькі
адміністрацыйны арышт, мяркуе адвакат Андрэй Федаркоў.
«Суды па выправаджэнні грамадзян Беларусі з Расіі могуць
адбыцца ў дачыненні да ўсіх пяцярых затрыманых. Ім можа пагражаць рэальная
рызыка прызнання непажаданай асобай і наступная адміністрацыйная высылка з
тэрыторыі Расіі. Адной з нешматлікіх падставаў для адмовы ў выдачы з’яўляецца
прадастаўленне прытулку. Але Расія ўсё часцей адмаўляе ўцекачам з Беларусі ў
палітычным прытулку», — падкрэсліў адвакат у размове з «Вот Так».
Па ягоных словах, некалькі беларусаў у Расіі ўжо чакаюць
экстрадыцыі. Сяргея Непагоду арыштавалі ў Пецярбургу пасля таго як ён быў
абвешчаны ў вышук на тэрыторыі Беларусі па крымінальнай справе — за ўжыванне
гвалту да супрацоўніка міліцыі. Андрэй Прылуцкі, удзельнік страйкаў на
прадпрыемстве «Беларуськалій», больш за 3 месяцы ўтрымліваецца ў пецярбургскім
СІЗА. Адзіны іх шанец не вярнуцца ў Беларусь — атрымаць у Расіі прытулак. Але
гэта становіцца ўсё больш складана з-за цеснага хаўрусу лідэраў дзвюх краін.
«У еўрапейскіх краінах беларусам практычна без праблем даюць
прытулак — ёсць шматлікія сведчанні міжнародных праваабарончых арганізацый. У
рамках ААН агучваюць шматлікія даклады аб прымяненні катаванняў і жорсткага
абыходжання з затрыманымі ўдзельнікамі пратэстнага руху і гэта ні ў каго не
выклікае пытанняў. На жаль пакуль у Расіі дзяржаўныя органы не разглядаюць усё
гэта як важкія падставы для прадастаўлення прытулку беларусам», — распавёў
адвакат.
Ці бяспечная Расія для ўцекачоў з Беларусі?
У Пецярбургу беларускія грамадзяне збіраліся цягам некалькіх месяцаў каля аддзялення амбасады дзеля салідарнасці з пратэстоўцамі ў Беларусі. Доўгі час паліцыя не перашкаджала іхнім акцыям, але ў сярэдзіне снежня 2020 года паліцэйскія запатрабавалі, каб удзельнікі мірнай акцыі прыбралі пратэстную сімволіку — бел-чырвона-белыя сцягі — і затрымала 14 чалавек. Адзін з членаў зямляцтва Руслан Хазін у размове з «Вот Так» выказаў здагадку, што на настроі паліцыі паўплывала падпісанне пагаднення паміж Расгвардыяй і МУС Беларусі. Пасля затрымання пратэстоўцы перасталі збірацца каля консульства. Яны пачалі здымаць ролікі ў падтрымку пратэстоўцаў у Беларусі па ўсім горадзе. Тады да ўдзельніка акцый Руслана Хазіна на працу прыехалі аператыўнікі і пагражалі крымінальнай справай. Затым яму адмовілі ў дазволе на жыхарства ў Расіі і ён быў вымушаны пакінуць РФ.
«Яны палічылі, што я з’яўляюся арганізатарам гэтых нашых
пецярбургскіх акцый і праз мяне паспрабавалі ўздзейнічаць — каб я перадаў
землякам, што мы не павінны збірацца больш са сцягамі. Але паколькі я не пайшоў
на кантакт з імі і на супрацоўніцтва, мне было абвешчана, што на тэрыторыі
Расіі я больш працаваць і пражываць не змагу. Далі два тыдні на збор рэчаў і я
з’ехаў у Варшаву», — распавёў Хазін.
Праваабаронцы і адвакаты ўпэўненыя, што Расія больш не
з'яўляецца бяспечнаым месцам для беларусаў, якія пераследуюцца паводле
палітычных матываў. Цеснае саюзніцтва дзвюх краін можа стаць прычынай
экстрадыцыі ў Беларусь тых, каму на радзіме пагражаюць арышты і катаванні.