Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вашынгтоне з беларускай дыяспарай (шмат фота)
Як паведамляюць беларусы ЗША, каля 400 беларусаў і прадстаўнікоў іншых дыяспараў сабралася на Плошчы Свабоды ў амерыканскай сталіцы, каб прывітаць Святлану Ціханоўскую. Мінавіта сустрэчай з беларусамі пачынаецца афіцыйны візіт Ціханоўскай у ЗША.
Сустрэча пачалася з чытання прывітання Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. З прамовамі таксама выступілі прадстаўнікі сяброўскіх дыяспараў, Amnesty International USA і сябра Управы Вашынгтонскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) Алеся Сёмуха.
«Злучаныя Штаты мусяць падтрымаць народ Беларусі ў дасягненні незалежнай, вольнай і дэмакратычнай Беларусі. Тыран мусіць сыйсці і паўстаць перад крымінальным судом. Расію трэба трымаць адказнай», — заявіла Сёмуха.
Фота: беларусы ЗША
«Я таксама проста беларуска. І на кожным з нас ляжыць адказнасць. Задаюць пытанне: "Што мы можам зрабіць, каб усё змяніць?" А мы ўжо робім. Не будзе так, што нешта здарыцца і ўсё памяняецца. Не будзе такога, што хтосьці прыйдзе і ўсіх уратуе. Гэта ў руках беларусаў унутры краіны — і вас з намі. Гэта працэс. І мы ў ім, на самай справе, перамагаем. Ужо год мы супрацьстаім. У іх зброя, у іх сіла, яны спрабуюць усяляк людзей прымусіць маўчаць.
Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай
Кожная кропелька дапамогі важная. А калі нас дзевяць мільёнаў, гэта ўжо цэлае мора дапамогі. Таму працягвайце рабіць тое, што вы робіце: пішыце лісты палітвязням, дапамагайце фінансава, кажыце пра нас, кантактуйце з мясцовым кіраўніцтвам, падключайцеся да акцый салідарнасці. Гэта міжнародная падтрымка — і яна вельмі моцна цісне на рэжым», — цытуе Святлану Ціханоўскую яе прэс-служба.
Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай