ЗША зноў заклікалі афіцыйны Мінск вызваліць палітвязьняў і пачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю
Злучаныя Штаты Амерыкі заклікаюць беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязняў, заявіў прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Нэд Прайс.
«Рэпрэсіі супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасці з'яўляюцца самым апошнім праяўленнем жорсткасці рэжыму Лукашэнкі. Мы заклікаем улады Беларусі вызваліць больш за 550 палітычных зняволеных і пачаць дыялог з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю. Мы падтрымліваем народ Беларусі», — цытуе сайт naviny. by заяву Нэда Прайса Твітэры.
Напярэдадні амбасада ЗША ў Беларусі заявіла, што адзінае выйсце з палітычнага крызісу — вызваленне ўсіх палітвязняў.
Амерыканскія дыпламаты асудзілі рэйды сілавых структур Беларусі супраць прынамсі 19-ці няўрадавых арганізацый. Пра гэта гаварылася ў паведамленні прэс-службы амбасады Злучаных Штатаў у Беларусі ў Facebook.
«Нястомная кампанія рэжыму Лукашэнкі па крыміналізацыі незалежных меркаванняў, праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці з'яўляецца знадзвычайнай з'явай у сучаснай Еўропе і прычынай міжнароднай ізаляцыі Беларусі», — заявіла пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.
У заяве амбасады таксама гаворыцца, што «адзіны выхад з палітычнага крызісу ў Беларусі — спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітвязняў».
Сёння пачаўся візіт у ЗША Святланы Ціханоўскай. Яна наведае Вашынгтон, Нью-Ёрк, Сан-Францыска і Лос-Анджэлес. У Вашынгтоне запланаваны сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі Белага дому, а таксама з членамі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.