Італія. Разбурыць палітычную сістэмы не атрымалася
Бепе Грыла — лідар італьянскага Руху пяці зорак (M5S), які нарадзіўся як альтэрнатыва ўсім традыцыйным партыям. Рух будуецца праз інтэрнэт як гарызантальная сетка і мае задачу цалкам разбурыць палітычную сістэму Італіі для стварэння пляцоўкі пад новую больш дэмакратычную мадэль.
Бепе Грыла
У лютым грылісты атрымалі больш за ўсіх галасоў на парламенцкіх выбарах. Аднак цяпер у Грыла пачалася чорная паласа. На муніцыпальных выбарах 27 мая M5S панёс вялікія электаральныя страты. У сярэднім за спіс галасавалі на 20–30 працэнтаў менш, чым тры месяцы таму.
Фіяска выклікала вялікія грамадскія дэбаты ў Італіі. Некаторыя бачаць тут пазітыў, паколькі M5S часта грашыць папулізмам (Грыла абяцаў усім беспрацоўным па 800 еўра ў якасці штомесячнай дапамогі). Другія лічаць, што рух Грыла даваў Італіі хоць нейкі шанс на палітычнае аднаўленне, на тое, што моладзь пачне цікавіцца палітыкай.
Лідару M5S прапануюць пераглядзець структуру кіравання партыяй і пагадзіцца на тактычныя часовыя блокі з іншымі партструктурамі. Сам Грыла, як і раней, упарта заклікае займацца сабатажам усяго, што робяць традыцыйныя палітычныя сілы. У прынцыпе, маючы падтрымку 10–16 працэнтаў электарату, пакуль ён можна і далей працягваць свой незвычайны эксперымент.