Томас аб аўтакефаліі вернуць у Стамбул
Раней яго размясцілі ў Сафіі Кіеўскай, але дакумент паедзе ў Турцыю, бо яго падпісалі не ўсе чальцы Святога Сіноду Канстантынопальскага патрыярхату, паведамляе Белсат.
«У бліжэйшыя дні ён вернецца ў Стамбул у Канстанцінопальскі патрыярхат, бо цяпер ён падпісаны толькі Сусветным патрыярхам. Потым там павінны быць подпісы ўсіх чальцоў Сусветнага Святога Сіноду патрыярхату», – заявіў кіраўнік дэпартамента па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Міністэрства культуры Украіны Андрэй Юраш.
Паводле Юраша, Сінод адбудзецца праз два дні, пасля падпісання Томас вернуць ва Украіну назаўсёды.
Томас урачыста падпісалі 5 студзеня ў святыні Святога Георгія ў Стамбуле. Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей уручыў зверхніку Праваслаўнай царквы Украіны Епіфанію і прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку дазвол на аўтакефалію. Паводле прэзідэнта Украіны, гэта падзея стане ў гісторыі побач з хрышчэннем 988 года і абвяшчэннем незалежнасці Украіны.
Аўтакефалія – гэта незалежная ад іншых царква, якая мае прызнаную за ёй тэрыторыю, дзе не маюць права дзейнічаць іншыя цэрквы. У адрозненне ад аўтаномных цэркваў, яна не з’яўляецца часткай – іерархічна ці адміністрацыйна – іншай царквы і мае свайго ўласнага зверхніка з тытулам патрыярха, архіепіскапа ці мітрапаліта. Пры гэтым усе аўтакефальныя цэрквы звязаныя між сабой літургічна.
Праваслаўная Царква Украіны была ўтвораная 15 снежня 2018 года на ўстаноўчым саборы ў Кіеўскай Сафіі. Яе заснавалі епіскапы былых некананічных Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а таксама два епіскапы Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. З моманту ўтварэння царквы да яе ўжо далучыліся каля 40 парафіяў УПЦ Маскоўскага патрыярхату, перадусім у Заходняй Украіне.