Toyota выпусціць электрамабіль, які будзе зараджацца за некалькі хвілін
Японская кампанія Toyota вядзе распрацоўку электрамабіля, які будзе зараджацца за некалькі хвілін.
Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на японскія газеты.
Як мяркуецца, электрамабіль паступіць у продаж не раней за 2022 год. Ён будзе працаваць на цвёрдацельных батарэях у адрозненне ад літый-іённых, якія выкарыстоўваюцца ў электрамабілях цяпер. Гэта дасць магчымасць істотна паскорыць час зарадкі. У Toyota адмовіліся каментаваць гэтыя звесткі.
Toyota ўжо плануе вырабляць электрамабілі з 2019 года ў Кітаі, але гэтая мадэль будзе грунтавацца на C-HR, што ўжо існуе, і выкарыстоўваць літый-іённыя батарэі.
Нагадаем, даследаванні ў галіне прымянення цвёрдацельных батарэй ў электрамабілях вядуць адразу некалькі аўтамабільных кампаній, у тым ліку паўднёвакарэйская Hyundai.
Цвёрдацельныя батарэі лічацца больш эфектыўнымі і энергаёмістымі ў параўнанні з літый-іённымі, аднак да гэтага часу ні адна кампанія не прыстасавала іх для выкарыстання ў электрамабілях.
Toyota ўжо выпускае некалькі электрамабіляў: гэта кампактныя гарадскія машыны, якія працуюць на літый-іённых акумулятарах.
Паводле meduza.io