Трампа абавязалі апублікаваць фінансавыя справаздачы
Амерыканскі лідар у сваім Twitter назваў рашэнне Вярхоўнага суда "палітычным паляваннем на ведзьмаў" і "фальшыўкай".
Вярхоўны суд ЗША задаволіў пазоў некалькіх камітэтаў Кангрэса і загадаў, што прэзідэнт Дональд Трамп павінен перадаць падатковыя дэкларацыі пракурору Нью-Ёрка Сайрусу Вэнсу.
Як сцвярджалі ў Кангрэсе, гэтыя дакументы неабходныя, каб вызначыць, ці мае дачыненне прэзідэнт ЗША да адмывання грошай і ці вінаваты ў незаконным выкарыстанні службовых паўнамоцтваў.
Адзначаецца, што суд адхіліў заяву кіраўніка Белага дома аб прэзідэнцкай недатыкальнасці, але пры гэтым закрыў доступ да фінансавых справаздачах Трампа Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу.
Такім чынам, бухгалтарская фірма прэзідэнта ЗША Mazars LLP, а таксама банкі Capital One і Deutsche Bank вымушаныя апублікаваць фінансавыя дакументы Трампа за апошнія дзевяць гадоў.
Падчас вывучэння гэтых даных Сайрус Вэнс плануе даведацца, у прыватнасці, ці ажыццяўляліся плацяжы порнаакторцы Стормі Дэніелс і былой мадэлі Playboy Карэн Макдугал, якія сцвярджалі, што мелі інтымную сувязь з Трампам.
Кіраўнік Белага дома ўхваліў рашэнне Вярхоўнага суда аб закрыцці доступу да справаздач для Палаты прадстаўнікоў, асудзіў пастанову пра публікацыю падатковых дакументаў ды назваў яго "паляваннем на ведзьмаў".
"Гэта палітычнае паляванне на ведзьмаў, такога ніхто ніколі не бачыў. Гэта чыстае паляванне на ведзьмаў, гэта фальшыўка, накшталт расследавання (спецпракурора Роберта) Мюлера — тое таксама было фальшыўкай, але я выйграў. Гэта яшчэ адна фальшыўка. Гэта ўсё выключна палітычнае", — падкрэсліў Трамп у Twitter.
Нагадаем, пракурор Сайрус Вэнс з 2018 года спрабаваў атрымаць даныя аб падатковых выплатах Трампа і яго кампаніі Trump Organization за апошнія гады ў рамках расследавання, якое ім праводзіцца.
Палітычныя апаненты амерыканскага лідара яшчэ ад часу перадвыбарнай кампаніі 2016 года патрабуюць ад Трампа апублікаваць падатковыя дэкларацыі, спадзеючыся выявіць у дакументах выпадкі парушэння закона. Сам Трамп пад рознымі падставамі ўвесь час адмаўляўся гэта зрабіць.
У 2017 годзе петыцыя з патрабаваннем апублікаваць падатковую дэкларацыю Трампа набрала больш за 620 тысяч подпісаў.
Паводле korrespondent.net