Туркменістан. Назарбаеў па-ранейшаму прэзідэнт
У Туркменістане палічылі за лепшае не заўважыць падзеі ў Казахстане.
![Калаж sm-news.ru Калаж sm-news.ru](/img/v1/images/35578_6_uvidet_astanu_i_vlyubi_ru_770x400.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Калаж sm-news.ru
Дзяржаўныя СМІ Туркменістана (больш за 60 друкаваных выданняў, 7 тэлеканалаў і 4 радыёстанцыі) не прысвяцілі ніводнага матэрыялу сыходу Назарбаева.
Замест гэтага дзяржаўныя медыя апублікавалі поўныя тэксты святочных віншаванняў з Наўрузам на адрас прэзідэнта Бердымухамедава ад кіраўнікоў розных дзяржаў.
Верагодна, мясцовыя эліты асцерагаюцца ўзнікнення ў насельніцтва нязручных аналогій у вельмі цяжкі для краіны час. Апошнімі гадамі эканамічнае становішча краіны сур’ёзна пагоршылася з-за праблем з экспартам газу — асноўнай крыніцы даходаў бюджэту. З вясны 2018 года з-за дэфіцыту хлеба ў туркменскіх крамах прозвішчы пакупнікоў запісваюцца ў спецыяльныя кнігі, і людзі атрымліваюць не больш як два боханы на рукі. Аналагічная сітуацыя, паводле сведчанняў відавочцаў, назіраецца і з іншымі жыццёва важнымі прадуктамі.
Зрэшты, не выключана, што ў Ашхабадзе палічылі: адстаўка Назарбаева — не вартая ўвагі, у адрозненне ад шматлікіх «поспехаў» Гурбангулы Бердымухамедава.
Паводле туркменскай прэсы