Тысячы людзей выйшлі на вулічны пратэст у Сербіі

Да 10 тысяч чалавек прынялі ўдзел у пратэстах супраць палітыкі распальвання нянавісці, якая праводзіцца прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам і падтрымліваецца праўладнымі СМІ.

autonomija.info

autonomija.info

У сталіцы Сербіі Бялградзе некалькі тысяч чалавек ізноў прынялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць палітыкі распальвання нянавісці права-нацыянальнага ўрада і прэзідэнта краіны Аляксандра Вучыча. Як паведаміў вечарам у суботу, 15 снежня, навінавы інтэрнэт-партал Danas, у шэсці пад лозунгам «Спыніць крывавыя кашулі!» прынялі ўдзел 10 тысяч чалавек.
Дэманстранты прайшлі міма рэзідэнцыі прэзідэнта Вучыча і міма будынка, у якім месціцца дзяржаўны тэлеканал RTS. Пратэст накіраваны таксама супраць аднабокай падачы навін на карысць ўрада і прэзідэнта ў праграмах грамадска-прававога вяшчання. На плакатах і транспарантах можна было прачытаць надпісы «Вучыч — злодзей» ці «Яны хлусяць, яны крадуць ... Я ў шаленстве!».
На чале шэсця ішлі лідары сербскай апазіцыі, у тым ліку былы міністр замежных спраў Вук Йереміч і мэр Бялграда Драган Джылас. Пратэстоўцы таксама выкарыстоўвалі свісткі і гудкі, падобна таму, як у 1990-я гады гэта рабілі тыя, хто пратэставаў супраць Слабадана Мілошавіча.

Напад на апазіцыянера


Упершыню масавыя пратэсты прайшлі ў Бялградзе 8 снежня, падставай да іх стала жорсткае збіццё людзьмі ў чорных кашулях на поўдні Сербіі ў горадзе Крушевац апазіцыянера Борка Стэфановіча, лідэра Левай партыі, якое адбылося 23 лістапада. Палітыку нанеслі ўдары жалезным дубцом, у выніку чаго ён атрымаў цяжкія раненні.
Падазраваныя ў нападзе былі неўзабаве затрыманыя, а прэзідэнт Вучыч асудзіў тое, што адбылося, але апазіцыя абвінавачвае яго ў тым, што яго рыторыка шальмавання крытыкаў і апазіцыянераў стварыла ў краіне умовы нецярпімасці. Таксама яны сцвярджаюць, што да збіцця датычная кіруючая Сербская прагрэсіўная партыя.
Наступная акцыя пратэсту запланаваная на 16 студзеня 2019 году — гадавіну забойства сербскага палітыка Олівера Іванавіча, аднаго з лідараў косаўскіх сербаў.
dw.com