У Англіі пачаліся выпрабаванні рэвалюцыйнага тэсту. Ён павінен вызначаць рак да першых сімптомаў

Нацыянальная служба аховы здароўя Англіі абвясціла, што з панядзелка пачынае поўнамаштабнае выпрабаванне новага метаду ранняй дыягностыкі больш за 50 разнавіднасцей рака. Чакаецца, што пры дапамозе аналізу крыві можна будзе фіксаваць наяўнасць хваробы да з'яўлення ў чалавека першых сімптомаў, паведамляе «BBC».

_120530781_0b8526d6_b809_4bfe_87d4_5d7b5b4c518b.jpg


У даследаванні, якое будзе доўжыцца два гады, возьмуць удзел 140 тысяч добраахвотнікаў ва ўзросце ад 50 да 77 гадоў.
У іх возьмуць аналізы крыві, затым запросяць здаць паўторныя аналізы праз год і праз два гады. Тэст будзе ўжыты толькі да палове з першапачаткова сабраных проб крыві — другая палова складзе кантрольную групу для праверкі эфектыўнасці тэсту.
«Тэст можа здзейсніць рэвалюцыю ў дыягностыцы рака, — заявіў кіраўнік праграмы, прафесар анкалогіі Каралеўскага каледжа ў Лондан прафесар Пітэр Сасіені. — Мы прыступаем да працы з натхненнем».
Калі рак атрымліваецца выявіць на ранняй стадыі, гэта рэзка павялічвае шанцы на лячэнне пухліны.
У цяперашні час рак дыягнастуюць шляхам здачы часціцы тканіны на біяхімічнае даследаванне (біяпсію), чаго без сімптомаў ніхто не робіць. Па-першае, у шэрагу выпадкаў гэта складаная працэдура, асабліва ў дачыненні да раку лёгкіх, мачавой бурбалкі і прастаты, а па-другое, невядома, дзе шукаць.
Новы метад заснаваны на выяўленні ў крыві фрагментаў ДНК ракавых клетак. Ён створаны біятэхналагічным стартапам «Grail» («Грааль»), заснаваным у 2015 годзе ў Сан-Францыска спецыяльна для распрацоўкі спосабаў ранняй дыягностыкі раку. Нядаўна яго купіла за 1,7 млрд. долараў амерыканская фармацэўтычная кампанія «Illumina Inc.».
Сам тэст вядомы як «Galleri». У ЗША ён прапануецца для пацыентаў з павышанай рызыкай ракавых захворванняў — у прыватнасці для тых, хто старэйшы за 50 гадоў. Федэральнае ўпраўленне харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў яго яшчэ не сертыфікавала, так што большасць страхавых кампаній яго кошт не пакрываюць.
«Пошук тэхналогій дыягностыкі рака пры дапамозе аналізаў крыві вядзецца ва ўсім свеце, але да гэтага часу ён знаходзіўся на даследчай стадыі. Цяпер мы з партнёрамі прыступаем да разгорнутага выпрабавання, самага маштабнага ў гісторыі. Новы метад з'яўляецца асабліва перспектыўным для дыягностыкі тых відаў раку, якія доўга не праяўляюць відавочных прыкмет і сімптомаў», — заявіла дырэктарка па анкалогіі Нацыянальнай службы аховы здароўя Кэлі Палмер.
Самым распаўсюджаным у Брытаніі анкалагічным захворваннем з'яўляецца рак лёгкіх, на які прыпадае 20% усіх смяротных зыходаў. Злаякасныя пухліны лёгкіх, мачавой бурбалкі, прастаты і грудзей у сукупнасці з'яўляюцца прычынай 45% смярцей.