У Аўстраліі пачаўся гістарычны саміт абарыгенаў
Сотні лідэраў карэнных аўстралійскіх плямёнаў сабраліся ў цэнтры краіны на гістарычны саміт, прысвечаны фармальнаму прызнанню першых жыхароў Аўстраліі.
Трохдзённая сустрэча на свяшчэннай для абарыгенаў скале Улуру прымеркавана да 50-й гадавіны прызнання правоў карэнных жыхароў краіны.
27 траўня 1967 года ў Аўстраліі быў праведзены рэферэндум, па выніках якога былі ўнесеныя папраўкі ў канстытуцыю краіны, якія дазволілі прымаць адмысловыя законы ў інтарэсах карэннага насельніцтва і прыбралі палажэнне аб тым, што колькасць аўстралійскіх абарыгенаў не ўлічвалася пры размеркаванні месцаў у парламенце, размеркаванні фінансаў і прыняцці іншых рашэнняў.
За прыняцце гэтых паправак прагаласавала 90,2% выбаршчыкаў, што з'яўляецца самым высокім вынікам за ўсю гісторыю краіны.
Аднак у канстытуцыі краіны абарыгены па-ранейшаму не згадваюцца. Цяперашні саміт, як мяркуюць яго ўдзельнікі, дапаможа дасягнуць аднадушнасці ў пытанні аб прызнанні карэннага насельніцтва.
Рэкамендацыі прадстаўнікоў карэнных жыхароў кантынента будуць перададзены кіраўніцтву краіны ў чэрвені.
Саміт на скале Улуру падсумоўвае 12 сходаў абарыгенаў, якія прайшлі па ўсёй краіне за апошнія паўгода, дзе абмяркоўваліся варыянты прызнання карэннага насельніцтва.
Чакаецца, што па выніках саміту будзе прынятае рашэнне, ці патрабаваць уключэння ў канстытуцыю краіны адмысловага палажэння аб карэнным насельніцтве.
Абарыгены Аўстраліі складаюць толькі 2,5% ад 24 мільёнаў жыхароў краіны.
Паводле BBC