У Іране вынеслі першы смяротны прысуд за пратэсты супраць улад
Іран 13 лістапада вынес свой першы смяротны прысуд у сувязі з пратэстамі, якія маюць на мэце зрынанне духоўнага кіраўніцтва краіны.
Амаль два месяцы пратэстаў, выкліканых смерцю 22-гадовай Махсы Аміні ў паліцыі, прымусілі ўлады развязаць рэпрэсіі, у выніку якіх затрымалі каля 15 тысяч людзей, ёсць 336 пацверджаных выпадкаў гібелі пратэстоўцаў, згодна з інфармацыяй іранскага агенцтва па правах чалавека, заснаванага ў 2009 годзе за мяжой.
Абвінавачаны асуджаны судом Тэгерана да смяротнага пакарання. Паводле судовых улад, гэта пакаранне за такія злачынствы, як «падпал урадавага будынка, парушэнне грамадскага парадку, сходы і змова з мэтай здзяйснення злачынства супраць нацыянальнай бяспекі», а таксама за тое, што ён «вораг Бога».
Імя асуджанага на смяротную кару пакуль не называецца.
Тым часам стала вядома, што ЭЗ рыхтуе новыя санкцыі супраць Ірана. У кастрычніку, у першым пакеце, санкцыі наклалі на некалькі арганізацый, якія маглі мець дачыненне да смерці Махсы Аміні і пераследу пратэстоўцаў. 15 чалавек аб’явілі непажаданымі на тэрыторыі краін ЭЗ і замарозілі іх актывы.
«Reuters» са спасылкай на двух дыпламатаў ЭЗ піша аб тым, што новы пакет санкцый будзе закранаць 31 фізічную і юрыдычную асобу, звязаную з уладамі Ірана.
Нагадаем, у Іране большасць дэпутатаў падтрымала рэзалюцыю, якой дазволяць пакараць смерцю затрыманых пратэстоўцаў. Пра гэта паведамляе агенцтва «IOL».
227 з 290 дэпутатаў выступілі за «жорсткі ўрок» для ўдзельнікаў пратэстаў. Рэзалюцыя дазволіць пакараць смерцю затрыманых пратэстоўцаў. Антыўрадавыя пратэсты доўжацца ў Іране ўжо трэці месяц пасля смерці маладой курдскай іранскай жанчыны Махсы Аміні.
«Мы просім судовую сістэму рашуча змагацца з асобамі, якія ўчынілі гэтыя злачынствы, і з усімі тымі, хто дапамагаў у злачынствах і справакаваў бунтаўнікоў», — заявілі заканадаўцы.
Дэпутаты прыраўноўваюць дзеянні пратэстоўцаў да дзейнасці тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», якія пазбаўляюць людзей жыцця і маёмасці. Вядома, што на гэты момант пад вартай знаходзіцца да 14 тысяч чалавек, усім ім будзе пагражаць смяротнае пакаранне.
Паводле даных СМІ, па стане на суботу ў ходзе пратэстаў было забіта 318 чалавек, з якіх 49 не дасягнулі паўналецця. Таксама паведамляецца пра смерць 38 сілавікоў.
Раней іранскія ўлады абвінавацілі ЗША ў арганізацыі пратэсных акцый.