У Іспаніі адбыўся другі тэракт за суткі
Падчас спецаперацыі ў іспанскім гарадку Камбрыльс паліцыянты прадухілілі другі тэракт за суткі. Ён мусіў адбыцца следам за нападам у Барселоне.
Паліцыя застрэліла чатырох падазраваных і параніла яшчэ аднаго нападніка, перадае ВВС.
Па звестках іспанскіх медыкаў, нападнікі паранілі семярых чалавек, у тым ліку аднаго паліцыянта.
Паліцыя заяўляе, што сітуацыя ў горадзе знаходзіцца пад кантролем, але заклікае жыхароў праяўляць абачлівасць.
Паводле інфармацыі іспанскіх СМІ, уначы на пятніцу ў Камбрыльсе нападнікі збілі мінівэнам некалькі чалавек, прычыніўшы ім траўмы. Верагодна, яны хацелі паўтарыць напад, які за некалькі гадзін да таго адбыўся ў Барселоне. Як піша газета La Vanguardia, нападнікі былі таксама ўзброеныя пісталетамі.
Пасля невялікай пагоні фургон з падазраванымі перакуліўся. Нападнікі паспрабавалі выбрацца з яго, але паліцыянты адкрылі па іх агонь.
Як паведамлялася раней, у чацвер у цэнтры Барселоны пікап заехаў у цэнтр натоўпу, праехаўшы 500 метраў па пешаходным бульвары Рамбла. Загінулі 13 чалавек і больш за 100 атрымалі траўмы пад коламі фургона. Нападнік уцёк з месца здарэння, але неўзабаве яго затрымалі.
Іспанскія ўлады ахарактарызавалі здарэнне як тэракт. Адказнасць за яго ўзяла групоўка "Ісламская дзяржава".