У Італіі вырашылі штрафаваць непрышчэпленых ад COVID-19

У Італіі пачнуць штрафаваць невакцынаваных ад COVID-19. Правяраць наяўнасць Green Pass у супрацоўнікаў абавязалі працадаўцаў. Ім пагражае да тысячы еўра штрафу за адсутнасць у работніка такога дакумента, паведамляе korrespondent.net.

vakcynacyja077.jpeg

У Італіі вырашылі штрафаваць невакцынаваных ад каронавіруса грамадзян.

«Асобам старэйшым за 50 гадоў, якія не прайшлі вакцынацыю да 1 лютага, пагражае разавы штраф у памеры 100 еўра», — піша выданне La Repubblica.

З 15 лютага гэтая катэгорыя італьянцаў, каб атрымаць права на працу, павінна прад'явіць узмоцнены Green Pass («зялёны пашпарт») з адзнакай аб бустэрнай вакцынацыі або перанесенай хваробе.

Правяраць наяўнасць узмоцненага Green Pass у супрацоўнікаў абавязалі працадаўцаў. Ім пагражае ад 400 да 1000 еўра штрафу за адсутнасць у работніка такога дакумента.

Супрацоўніку, які прыйшоў на працу без узмоцненага COVID-сертыфіката, пагражае штраф у памеры ад 600 да 1500 еўра.

Пры гэтым пакаранне не распаўсюджваецца на тых, у каго ёсць супрацьпаказанні да вакцынацыі, аднак іх трэба пацвердзіць даведкай.

Ужо з 10 студзеня ўзмоцнены Green Pass стане абавязковым для праезду ў грамадскім транспарце.

А з 20 студзеня для наведвання цырульні і касметолага трэба будзе прад'явіць базавы Green Pass і тэст на каронавірус. З 1 лютага гэтае правіла распаўсюдзіцца на дзяржустановы, крамы і банкі.