У Кангрэсе задумаліся пра імпічмент Трампу

У Кангрэсе ЗША заявілі пра падрыхтоўку імпічменту Дональду Трампу. Амерыканцы не могуць дазволіць Трампу заставацца ва ўладзе, заявіла Ільхана Амар, першая жанчына — чалец Кангрэса самалійскага паходжання.



Дэманстрант са сцягам "Трамп — мой прэзідэнт". Фота GETTY IMAGES

Дэманстрант са сцягам "Трамп — мой прэзідэнт". Фота GETTY IMAGES

У сераду, 6 студзеня, у Кангрэсе ЗША павінна было адбыцца фармальнае галасаванне заканадаўцаў. Яно мусіла канчаткова зацвердзіць вынікі галасавання выбаршчыкаў, якія пацвердзілі перамогу Джо Байдэна ў барацьбе за пасаду кіраўніка Белага дома. Прыхільнікі цяперашняга прэзідэнта злядзілі акцыю пратэсту і захапілі будынак Капітолія.

Чалец Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША дэмакрат Ільхана Амар заявіла пра пачатак падрыхтоўкі артыкула імпічменту ў дачыненні да дзейнага прэзідэнта Дональда Трампа на фоне штурму яго прыхільнікамі будынка Капітолія ў Вашынгтоне, паведамляе korrespondent.net.

"Трамп павінен трапіць пад імпічмент, прыняты Палатай прадстаўнікоў, і быць пазбаўлены пасады Сенатам ЗША. Мы не можам дазволіць яму заставацца ў адміністрацыі, ад гэтага залежыць захаванне нашай рэспублікі, і мы павінны стрымаць нашу клятву", —  напісала палітык у Twitter.

Гэты заклік чальца Кангрэса звязаны з пратэстамі, які зладзілі прыхільнікі Трампа ў Кангрэсе. Пратэстоўцы, не згодныя з вынікам выбараў, захапілі будынак Капітолія, дзе павінны былі абвясціць вынікі галасавання выбаршчыкаў.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй ЗША, працэдуру імпічменту прэзідэнта павінна ініцыяваць Палата прадстаўнікоў. Сярод падстаў для адхілення прэзідэнта ад пасады —сур'ёзныя правапарушэнні, у тым ліку дзяржаўная здрада. Пасля зацвярджэння імпічменту ў ніжняй палаце Кангрэса, яго павінен ухваліць Сенат.

Гэта будзе ўжо другая спроба адхілення Трампа ад улады. Першую зладзілі ў снежні 2019 года. Тады працэдура імпічменту была заблакаваная сенатам, у якім большасць захоўвалі рэспубліканцы.

Трамп стаў трэцім лідарам у гісторыі ЗША, у дачыненні да якога была распачатая працэдура імпічменту. Раней разбіральніцтва вялося ў дачыненні да Эндру Джэксана і Біла Клінтана. Ні адзін з гэтых працэсаў да адстаўкі прэзідэнта не прывёў — і ў кожным выпадку сенат выносіў апраўдальны прысуд.

Паводле korrespondent.net