У Літве нелегальныя мігранты ўчынілі бунт: выкінулі ежу і патрабуюць іх выпусціць

26 ліпеня з раніцы ў былой Верабейскай школе (Алітускі раён, Літва) пачаўся бунт нелегальных мігрантаў. Яны адмовіліся выконваць патрабаванні сілавікоў, піша «Delfi».

download__1__64.jpg

Канфлікт узнік пасля таго, як іракцы забаранілі іншым мігрантам браць дастаўленую ежу. «Усё пачалося раніцай, калі не дазволілі раздаваць мігрантам прывезеную ежу. Ежу не дазволілі браць нават дзецям і падлеткам, а таксама жанчынам. Цяпер прывезлі абед, і яго не даюць раздаваць», — сказаў намеснік дырэктара адміністрацыі Алітускага муніцыпалітэта Віргіліюс Пранскявічус.
Паводле слоў мэра Алітускага раёна Альгірдаса Урубляўскаса, незадаволенасць сярод мігрантаў пачала выяўляцца яшчэ ў мінулую пятніцу — пасля таго, як туды прыехалі журналісты. Мігранты патрабавалі даць ім лекара і вярнуць тэлефоны.
Паводле слоў Пранскявічуса, у выхадныя мігранты трохі супакоіліся, бо ім абяцалі, што іх патрабаванні разгледзяць адказныя асобы.
«Але ад сённяшняй раніцы і гаворкі няма пра перамовы. Яны выкінулі ежу. Самі іракцы есці адмаўляюцца, яны забаранілі і іншым браць ежу. Адзінае патрабаванне — выпусціць іх з тэрыторыі», — сказаў ён.
«Там усюды смецце, у туалетах экскрэменты льюцца праз край, мігранты не пускаюць работнікаў чыніць каналізацыю. Цяпер мы і самі баімся пасылаць туды работнікаў, гэта небяспечна», — сказаў Пранскявічус.
Зараз у Верабеяі дзяжураць 16 супрацоўнікаў Службы грамадскай бяспекі Літвы. Яны працуюць у жудасных умовах: дзяжураць 8 гадзін, потым там жа адпачываюць у спальных мяшках ля плота. Потым — зноў дзяжурства. У іх нават няма нармальных умоў для падтрымання гігіены.