Літоўская паліцыя затрымала 8 чалавек, якія перашкаджалі разгортваць намётавае мястэчка для мігрантаў

Наплыў мігрантаў з боку Беларусі не спыняецца. Паводле заяў літоўскага боку, мігранты могуць гадзінамі знаходзіцца ў полі зроку беларускіх памежнікаў, але тыя ніяк не выконваюць сваіх абавязкаў па ахове мяжы, распавядае «Свабода».

59cbc7d1_ac2b_4cad_bddc_a342d3582651_w1023_r1_s.webp

За мінулыя суткі ў Літве затрымалі 110 мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу краіны з боку Беларусі. Днём раней літоўскія памежнікі затрымалі 131 мігранта.

Як адзначае Дзяржаўнае бюро бяспекі Літвы, іншаземцы «пасяляюцца на некалькі гадзін проста на мяжы з беларускага боку і чакаюць. Нават пасля шматлікіх паведамленняў, атрыманых з Літвы, прадстаўнікі суседняй краіны не «бачаць і не рэагуюць на такіх мігрантаў».

Таксама фіксуюцца выпадкі, калі мігранты заўважаюць сачэнне літоўскіх памежнікаў, бесперашкодна адступаюць углыб Беларусі, а затым вяртаюцца да мяжы зноўку, не сустракаючы ніякага супраціву памежных войск Беларусі.

93 чалавекі з затрыманых за дзень, назваліся грамадзянамі Ірака. З 2839 мігрантаў, якіх сёлета затрымалі на мяжы з Беларуссю, 1724 заявілі, што яны іракцы, 191 — з Конга, 83 — з Расіі, 81 — з Ірана, 78 — з Гвінеі.

Літоўскае выданне «Delfi» апублікавала відэа, на якім паказала, як памежнікі шукаюць мігрантаў на мяжы і затрымліваюць іх.

Колькасць мігрантаў, якія прыйшлі з беларускага боку і былі затрыманыя ў Літве, ужо ў 34,6 раза перавысіла леташні паказнік.

Мігранты ўжо ладзілі бунты ў часовых месцах размяшчэння, пачыналі беспарадкі, адмаўляліся прымаць ежу, патрабавалі дазволіць ім далейшы рух праз Літву ў краіны Заходняй Еўропы.

Вымагаючы аператыўнага развязання праблем незаконнага перасячэння мяжы, шэраг грамадзян Літвы пачалі пратэсты супраць новых лагераў для мігрантаў на тэрыторыі сваёй краіны. 26 ліпеня грамадзяне заблакавалі дарогу да палігона Руднінкай у Шальчыніцкім раёне. Яны не давалі праехаць па дарозе грузавіку з абсталяваннем для намётавага мястэчка.

У выніку літоўская паліцыя затрымала і склала адміністрацыйныя пратаколы на 8 чалавек, паведаміла агенцтва BNS. Жывы плот з людзей паліцыя разагнала слезацечным газам.

На мінулым тыдні хваляванні адбыліся ў мястэчку Дэвэнішкяй — там мясцовыя жыхары выйшлі на пратэст і заявілі, што асцерагаюцца нападаў мігрантаў на сваіх дзяцей. Колькасьць мігрантаў, затрыманых на мяжы і размешчаных побач у намётавым мястэчку, у тым месцы перавысіла колькасць насельніцтва самога Дэвэнішкяя.

Улады Літвы неаднаразова абвінавачвалі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Мінск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі не толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Ірака і іншых краін да межаў Еўрасаюзу.

Спыніць наплыў мігрантаў Літве пакуль не дапамагло ні ўзмацненне патрулявання, ні перамовы аб дапамозе з NATO і ЕС, ні кіламетры калючага дроту, расцягнутага ўздоўж мяжы.