У Перу прайшлі шматтысячныя антыўрадавыя пратэсты. Прэзідэнта вінавацяць у карупцыі
Тысячы людзей прынялі ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях у Перу 5 лістапада, паведамляе ВВС. Яны патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Пэдра Кастыльё праз абвінавачанні ў карупцыі. У сталіцы краіне Ліме паліцыя ўжыла супраць пратэстоўцаў слезацечны газ.
Лідар левых Пэдра Кастыльё нечакана прыйшоў да ўлады ў мінулым годзе. Жыхары Перу абвінавачваюць прэзідэнта, яго сям'ю і атачэнне ў карупцыі — у дачыненні да Кастыльё распачата шэсць крымінальных спраў па абвінавачаннях у карупцыі і іншых злачынствах. Сам ён абвяргае абвінавачанні, называючы іх палітычным пераследам. На разгляд кангрэса краіны двойчы выносілася пытанне аб аб'яўленні яму імпічменту.
Пэдра Кастыльё перамог на прэзідэнцкіх выбарах у мінулым годзе, паабяцаўшы скараціць разрыў паміж багатымі і беднымі, але Кангрэс, у якім дамінуюць апазіцыйныя заканадаўцы, заблакаваў многія з яго планаў.
Перу сутыкаецца з шэрагам эканамічных праблем, уключаючы імклівы рост кошту жыцця. Па звестках Сусветнага банка, краіна непрапарцыйна моцна пацярпела ад Covid-19, і ўзровень беднасці, па прагнозах, застанецца вышэй за ўзровень, які існаваў да пандэміі, на працягу наступных двух гадоў.
У суботу Кастыльё напісаў у Твітэры паведамленне, накіраванае супраць «звычайных ворагаў», якіх ён абвінаваціў у «ілжывых абвінавачаннях», паабяцаўшы працягваць змагацца за вызваленне людзей ад няроўнасці.