У Польшчы пачнецца суд за гандаль людзьмі. Пацярпелі некалькі тысячаў беларусаў і ўкраінцаў

Акруговая пракуратура Варшавы накіравала ў суд справу аб гандлі людзьмі. Двое абвінавачаных ад ліпеня 2015 да кастрычніка 2016 года наймалі беларусаў і ўкраінцаў на працу ў грамадскім харчаванні і ўтрымлівалі іх у рабскіх умовах, паведамляе Радыё Свабода.

raby_1.jpg

Пра гэта піша сайт акруговай пракуратуры Варшавы. Як высветліла пракуратура, Барыс С. і Міраслаў К. — арганізатары злачыннай схемы — карысталіся крытычным фінансавым становішчам людзей, вербавалі іх у Беларусі і Украіне, а затым прывозілі іх у Польшчу пад выглядам надзейнай і добрааплатнай працы.
Завербаваныя замежнікі, не ведаючы як дзейнічаюць у Польшчы законы аб працаўладкаваньні, былі вымушаныя працаваць ва ўстановах грамадскага харчавання ў Варшаве па 350 гадзін на месяц. Праз шматлікія «штрафы», заробак ім плацілі не своечасова і не ў поўным аб’ёме. Пры гэтым людзі баяліся звяртацца ў праваахоўныя органы, баючыся страціць ужо заробленыя грошы.
На нанятых беларусаў і ўкраінцаў таксама аказвалі псіхалагічны ціск. Некаторых прымушалі падпісваць распіскі аб атрыманні грошай у доўг, чым яшчэ больш заганялі ў фінансавую залежнасць. Людзі жылі ў гатэлях для рабочых і на прыватных кватэрах на тэрыторыі Варшавы, арандаваных арганізатарамі злачынства. Жыллёвыя ўмовы ў гэтых памяшканнях следчыя назвалі «скандальнымі». Акрамя таго, іх жыццё было пад поўным кантролем гандляроў людзьмі.
Падазраваны, Барыс С., прызнаў цалкам віну і патлумачыў схему, па якой працавала арганізацыя. Ён пачаў працу ў рэстарацыі Міраслава К. у 2015 годзе спачатку як звычайны рабочы. Потым Міраслаў К. прапанаваў яму пасаду «наглядчыка» над іншымі рабочымі. Сам Міраслаў не прызнае віну.
Арганізатарам пагражае да 15 гадоў зняволення.