У Будапешце адкрылі помнік ахвярам смаленскай катастрофы

Адкрыцьцё помніка — гэта сігнал, што краіны памятаюць пра Смаленск, пра Катынь, пра ахвяраў, — сказаў Віктар Орбан.

 

Віктар Орбан. Фота  Zoltan Mathe/PAP/EPA

Віктар Орбан. Фота  Zoltan Mathe/PAP/EPA

У венгерскай сталіцы прайшлі ўрачыстасці з нагоды адкрыцця помніка ахвярам смаленскай авіякатастрофы.

У адкрыцці мемарыялу прымаў удзел Яраслаў Качыньскі — старшыня польскай кіруючай партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) і брат загінулага ў катастрофе прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага.

Польскі палітык падзякаваў Венгрыі за ўсталяванне помніка. Падчас свайго выступу Яраслаў Качыньскі таксама зазначыў, што без загінулага прэзідэнта Леха Качыньскага не было б у Польшчы ўрадаў правых сіл у 1990–1991 і 2005–2007 гг., а таксама не было б змен, якія цяпер уводзяцца. Старшыня ПіС зазначыў, што адкрыццё помніка для яго — гэта нагода задумацца пра будучыню Еўропы. Яе немагчыма ўявіць без Польшчы ды Венгрыі.

Венгерскі прэм’ер Віктар Орбан, як некалі польскі прэзідэнт, прапануе Еўропе іншы шлях, а не выступае супраць еўрапейскага адзінства. Гэты шлях — еўрапейская супольнасць народаў, нацыянальных дзяржаў, мяркуе Орбан.

«Гэта цяжкі шлях, але мы крочым па ім, умацоўваючы наша сяброўства, між іншым, праз будаўніцтва гэтага помніка», — зазначыў Яраслаў Качыньскі.

У сваю чаргу, венгерскі прэм’ер Віктар Орбан падкрэсліў, што Польшча і Венгрыя вераць у сілу хаўрусу. Адкрыццё помніка — гэта сігнал, што краіны захавалі памяць пра Смаленск, пра Катынь, пра ахвяраў. Разам яны пабудуюць Еўропу, за якую яны змагаліся, зазначыў венгерскі прэм’ер.

Польскі ўрадавы самалёт Ту-154М разбіўся ў Смаленску пры падыходзе на пасадку 10 красавіка 2010 году. У выніку катастрофы загінула 96 чалавек — усе, хто знаходзіўся на борце, у тым ліку прэзідэнт Лех Качыньскі і яго жонка Марыя.

 www.radyjo.net