Міліцыянтаў не будуць звальняць толькі на падставе паказанняў паліграфа

Міліцыянтаў не будуць звальняць толькі па выніках апытання на паліграфе, калі гэтыя вынікі не пройдуць дадатковай праверкі.

Фота: popmech.ru

Фота: popmech.ru

Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета бяспекі №2 ад 4 красавіка 2018 года "Аб забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь".

"5.3. Выключыць выпадкі неабгрунтаванай адмовы супрацоўнікам у падаўжэнні кантракту па службе ў органах унутраных спраў толькі на падставе вынікаў апытання з выкарыстаннем паліграфа без іх належнай праверкі", — гаворыцца ў дакуменце.

Масавая праверка ў МУС на паліграфе пачалася ў другой палове 2016 года — пасля таго, як кіраўнік Баранавіцкай ДАІ Андрэй Валкавыцкі насмерць збіў пешахода. МіністрІгар Шуневіч казаў, што калі паліграф выявіць парушэнне дысцыпліны або супрацоўнік адмовіцца прайсці праверку, то з ім скасуюць кантракт.

Тады ж кіраўнік МУС казаў, што з 700 правераных супрацоўнікаў кожны трэці не праходзіць праверку на паліграфе. Але ён дадаў, што масавых звальненняў у ведамстве не будзе, бо абнаўленне шэрагаў будзе ісці эвалюцыйна. 

euroradio.fm