У Расіі хочуць прызначыць месцы, дзе можна мітынгаваць. І забараніць акцыі ў іншых месцах
Сенатары і чальцы дзеючай пры Савеце Федэрацыі часовай камісіі па абароне дзяржаўнага суверэнітэту рыхтуюць законапраект, у якім «канкрэтызуюць патрабаванні да месцаў правядзення палітычных акцый».
У Савеце федэрацыі ў чацвер, 8 жніўня, прапанавалі зрабіць больш жорсткім
заканадаўства аб мітынгах. Сенатары і чальцы дзеючай пры палаце часовай камісіі
па абароне дзяржаўнага суверэнітэту і прадухіленні ўмяшання ва ўнутраныя справы
РФ заявілі, што рыхтуюць законапраект, у якім «канкрэтызуюць патрабаванні да
месцаў правядзення палітычных акцый», піша «Коммерсантъ».
Па словах кіраўніка камісіі Андрэя Клімава, гаворка ідзе пра «дакладную фіксацыю месцаў, дзе можна праводзіць мерапрыемствы палітычнага характару — і дзе ні пры якіх абставінах іх нельга праводзіць — выбачайце».
У сваю чаргу сенатар Людміла Бокава патлумачыла, што ў кожным горадзе для правядзення акцый мяркуецца адвесці пэўныя месцы, за межамі якіх мітынгаваць будзе нельга.
«На сённяшні дзень правілы датычацца хутчэй арганізацыі акцыі — з чым прыходзіць, як прыходзіць. А пра месца іх правядзення канкрэтызацыі такі ў заканадаўстве няма, — адказала спадарыня Бокова выданню «Коммерсант». — Таму можна прапрацаваць гэтае пытанне і дакладна ўсё пазначыць».
У расійскім заканадаўстве ўжо прапісаны абмежаванні для правядзення мітынгаў — напрыклад, іх нельга арганізоўваць на вызначанай адлегласці ад школ, судоў і вытворчых аб'ектаў.
У некаторых гарадах Расіі, напрыклад у Маскве і Санкт-Пецярбургу, ёсць так званыя гайд-паркі — пляцоўкі для правядзення публічных мерапрыемстваў без ўзгаднення з уладамі горада (трэба толькі праінфармаваць іх).
Камісія Савета Федэрацыі па абароне дзяржаўнага суверэнітэту працуе з чэрвеня 2017 года. Камісія, у прыватнасці, прадстаўляла даклад аб умяшанні ЗША ў справы замежных дзяржаў, у тым ліку ў справы Расіі, а таксама прапаноўвала прыраўняць замежныя рускамоўныя СМІ да замежных агентаў.
Паводле www.kommersant.ru, meduza.io