У Расіі заблакавалі сайт Tor

Раскамнагляд заблакаваў асноўны сайт Tor (torproject.org), гаворыцца ў блогу праекта.

tor_molat.jpg


Як паведамляе REFORM.by са спасылкай на каманду TorProject, з 1 снежня некаторыя расійскія правайдэры пачалі блакаваць доступ да сайта. Гэта адбылося пасля таго, як каманда Tor заклікала карыстальнікаў ствараць новыя масты, каб дапамагчы карыстальнікам з Расіі заставацца анлайн.

7 снежня Раскамнагляд запатрабаваў Tor выдаліць забароненую інфармацыю, размешчаную на старонцы з расповедам аб праекце. У адваротным выпадку доступ да сайта будзе абмежаваны, папярэдзіў расійскі рэгулятар. Ліст ведамства апублікаваны на GitLab.

Расія – другая па колькасці карыстальнікаў Tor. Штодня сэрвісам карыстаецца больш за 300 тысяч чалавек, што складае 15% ад усіх кліентаў Tor.

Tor (ад англ. The Onion Router) — свабоднае і адкрытае праграмнае забеспячэнне для рэалізацыі так званай «цыбульнай» маршрутызацыі. Гэта сістэма проксі-сервераў, якая дазваляе ўсталёўваць ананімнае сеткавае злучэнне, абароненае ад праслухоўвання. Разглядаецца як ананімная сетка віртуальных тунэляў, якая прадстаўляе перадачу дадзеных у зашыфраваным выглядзе.

З дапамогай Tor карыстальнікі могуць захоўваць ананімнасць у Інтэрнэце пры наведванні сайтаў, вядзенні блогаў, адпраўцы імгненных і паштовых паведамленняў, а таксама пры працы з іншымі праграмамі, якія выкарыстоўваюць пратакол TCP. Ананімізацыя трафіку забяспечваецца за кошт выкарыстання размеркаванай сеткі сервераў-вузлоў. Тэхналогія Tor таксама забяспечвае абарону ад механізмаў аналізу трафіку, якія ставяць пад пагрозу не толькі прыватнасць у Інтэрнэце, але таксама канфідэнцыяльнасць камерцыйных таямніц, дзелавых кантактаў і таямніцу сувязі ў цэлым.