У Расіі хочуць заблакаваць Tor

«Роскомнадзор» прыгразіў Tor блакаваннем. У лісце расійскага рэгулятара гаворыцца, што ў выпадку адмовы выдаліць «забароненую інфармацыю» доступ да сайта праекта Tor будзе абмежаваны.

51340272_303.jpg

«Роскомнадзор» прыгразіў заблакаваць сайт www.torproject.org, калі яго ўладальнік Tor Project не выдаліць нейкую «забароненую інфармацыю». Пра гэта паведаміў у аўторак, 7 снежня, праект «Роскомсвобода» са спасылкай на ліст ведамства, апублікаваны на партале GitLab.

«У выпадку непрыняцця правайдарам хостынгу і (або) уладальнікам сайта мер па выдаленні забароненай інфармацыі і (або) абмежаванні доступу да сайту ў сетцы «Інтэрнэт», будзе прынята рашэнне аб уключэнні ў адзіны рэестр сеткавага адрасу, які дазваляе ідэнтыфікаваць сайты ў сетцы «Інтэрнэт», які змяшчае інфармацыю, распаўсюд якой у Расійскай Федэрацыі забаронена, а доступ да яго будзе абмежаваны», — гаворыцца ў лісце.

На сайце, які выклікаў прэтэнзіі ў расійскага рэгулятара, распавядаецца, што ўяўляе сабой браўзер Tor, і змяшчаецца спасылка на запампоўку. Якую менавіта інфармацыю «Роскомнадзор» палічыў забароненай, у дакуменце не ўдакладняецца. У рэестры «Роскомнадзора» гаворыцца, што ў снежні 2017 года Саратаўскі раённы суд вырашыў унесці www.torproject.org у рэестр забароненых сайтаў, але цяпер доступ да яго не абмежаваны.

Сетка Tor выкарыстоўваецца для ананімнага злучэння з інтэрнэтам. Некалькі дзён таму расійскія карыстальнікі пачалі скардзіцца на праблемы з доступам да браўзера. Спецыялісты «Роскомсвобода» адзначалі, што кампанія «Ростэлеком» блакуе Tor.

Паводле www.dw.com