У Раство пад грукат колаў. Чароўныя калядныя цягнікі супраць Метровіча
З 11 снежня ў Мінскім метрапалітэне пачалі курсіраваць саставы, «упрыгожаныя» да Калядаў і Новага года. Атрымалася як атрымалася: без густу, у чырвона-зялёных колерах, з дызайнам 20-гадовай даўнасці. Але можа быць і па-іншаму. Падрыхтавалі для вас падборку годных прыкладаў, як нашы еўрапейскія суседзі ўпрыгожваюць цягнікі да зімовых свят.

Калядны цягнік «Вільня — Клайпеда», Літва
Да свят на абедзвюх лініях мінскага метро ходзяць два «навагоднія» цягнікі, дэкараваннем якіх займаліся дызайнеры са спрэчным густам. На адзін з шасці вагонаў наляпілі плёнку з зялёным фонам, чырвонымі падарункамі і Метровічам — недарэчным персанажам падземкі ў выглядзе вусатага дзеда ў фуражцы. Метрапалітэн, дарэчы, называе яго адным з фірмовых сімвалаў сталіцы.
На астатнія вагоны дызайнеры дадалі страшненькія налепкі з ялінкавымі шарыкамі — і ўсё, на гэтым «Merry Christmas»-настрой для мінчукоў гатовы!
Навагодні састаў у мінскім метро. Фота Мінскага метрапалітэна
Улады настолькі ганарацца гэтай падзеяй, што навіны пра выхад цягніка разляцеліся па ўсёй Беларусі, аж да «раёнак» самых аддаленых гарадоў. Незалежныя медыя ж наўпрост высмеялі дапатопны дызайн.
Такім цемрашальствам штогод упрыгожваюць не толькі метрапалітэн, але і галоўныя плошчы, вуліцы, паркі кожнага горада, пакуль суседнія краіны за параўнальна невялікія грошы ствараюць сапраўдны калядны цуд са стылёвымі дэкарацыямі і сучасным падыходам.
Глядзіце таксама

Паглядзіце, як чыгуначныя кампаніі суседскіх з Беларуссю краін паднімаюць настрой сваім пасажырам.
Літва
З 1 снежня літоўская чыгуначная кампанія «Lietuvos Geležinkeliai» запусціла чатыры калядныя цягнікі з фантастычным афармленнем салонаў. У пляцоўках для ровараў усталяваны калядныя ялінкі і святочныя інсталяцыі, сядзенні абцягнуты барвянымі аксамітнымі навалачкамі, на падлозе — раскошныя чырвоныя дываны, а ўздоўж паліц для багажу расцягнуты яловыя галінкі з ліхтарыкамі. Ля ўваходаў у цягнік да столі прымацаваны трамбоны, чамаданы, кветкі, таямнічыя гадзіннікі ды іншы святочны рэквізіт, а на лямпах асвятлення — прыгожыя налепкі з каляднымі казкамі.

Калядны цягнік «Вільня — Клайпеда», Літва. Фота Леанардаса Барацінскаса
Фларыст і дэкаратар Мантас Петрушкявічус расказаў, што цягнікі ўпрыгожаны рознымі каляднымі сімваламі. Агульны стыль — гэта стыль Усходняга экспрэса, у якім з густам спалучаюцца раскоша і старажытнасць.
Калядныя цягнікі курсіруюць з Вільні па чатырох кірунках: Коўна, Клайпеда, Трокі і Моцкава (можна ехаць з Польшчы) да 7 студзеня. Набыць квіток менавіта на такія электрычкі магчыма праз афіцыйны дадатак «LTG Link»: там яны будуць абазначаны каляднай ялінкай.
Украіна

Калядны паравоз у Кіеве. Фота: «Укрзалізниця»
16 снежня «Укрзалізниця» запусціла святочны рэтра-цягнік па найдаўжэйшай вузкакалейцы ў Еўропе.
Гайваронская чыгунка праходзіць праз украінскае Падолле — Вінніцкую і Кіраваградскую вобласці. Яна не толькі прыцягвае шматлікіх прыхільнікаў чыгуначных рарытэтаў з усёй Еўропы, але і выконвае сваю асноўную функцыю па перавозцы пасажыраў.

Калядны паравоз у Кіеве. Фота: «Укрзалізниця»
«Укрзалізниця» запрашае акунуцца ў зімовую казку і пракаціцца па маляўнічым заснежаным Падоллі на старым нямецкім паравозе з мінулага. Адзначаецца, што ў саставе каляднага цягніка будзе сталічная легенда з Кіеўскай дзіцячай чыгункі — цеплавоз Гр-336, выраблены ў 1951 годзе, а таксама чатыры пасажырскія вагоны Pafawag польскай вытворчасці.

Калядны паравоз у Кіеве. Фота: «Укрзалізниця»
У праграму ўваходзіць не толькі падарожжа, але і культурніцкая праграма, смачны гарачы абед на беразе магутнага Паўднёвага Буга і дабрачынны кірмаш у падтрымку Узброеных сіл Украіны.

Калядны паравоз у Кіеве. Фота: «Укрзалізниця»
У мінулым снежні ўкраінская чыгунка выдзеліла на калядныя святы аўтэнтычны паравоз з залатым трызубам. На вакзале пасажыраў сустракалі казачныя памочнікі Святога Мікалая, а ў вагонах выхаванцы Кіеўскай дзіцячай чыгункі праводзілі цікавую экскурсію па гісторыі сталіцы.
Польшча

Састаў у варшаўскім метро, дэкараваны да Калядаў
7 снежня на лінію М1 варшаўскага метро традыцыйна выехаў стракаты святочны састаў. Ён мае прыгожую каляровую ліўрэю, расцягнутыя ўздоўж вокнаў ліхтарыкі і поручні ў выглядзе калядных ледзянцоў. Нічога надзвычайнага, але выглядае цягнік стылёва, верагодна, вельмі эканомна і дакладна з густам. Дзіўна, якім бывае свет без Метровіча.

Састаў у варшаўскім метро, дэкараваны да Калядаў
Кожны тыдзень каляровы састаў будзе змяняць галінку і курсіраваць па іншай, каб падарыць добры настрой як мага большай колькасці пасажыраў падземкі.
Састаў у варшаўскім метро, дэкараваны да Калядаў
Латвія
Што да апошняй беларускай суседкі, то ў 2019 годзе перавозчык «Pasažieru vilciens» зрабіў калабарацыю з гандлёвай сеткай мэблі «IKEA». Яны разам дэкаравалі звычайную савецкую электрычку бліскучымі каляднымі зоркамі. Ініцыятыва была накіравана на тое, каб прынесці больш святла і святочных пачуццяў у самы цёмны час года.

Рыжская электрычка, упрыгожаная каляднымі зоркамі, 2019 год. Фота: LA.lv
«З надыходам зімы ўсе мы прагнем цяпла і ўтульнасці. Многія знаходзяць іх дома, у сем'ях. Наш намер — зрабіць перадкалядны настрой яшчэ больш асаблівым і ўнесці больш святла ў цёмны час. Мы ўпрыгожылі цэлы цягнік знакавымі каляднымі зоркамі, якія будуць асвятляць людзям дарогу дадому», — заявіў Петэрыс Грынбергс, менеджар «IKEA» ў Латвіі.

Рыжская электрычка, упрыгожаная каляднымі зоркамі, 2019 год. Фота: LA.lv
Цягнік быў асветлены 68 такімі зорачкамі. У Скандынавіі, адкуль родам гандлёвая сетка, аздабленне вокнаў перад Калядамі рознымі ўпрыгожаннямі з’яўляецца вельмі папулярнай забавай — гэта звязана са старой традыцыяй паказваць кірунак тым, хто ў дарозе.

Рыжская электрычка, упрыгожаная каляднымі зоркамі, 2019 год. Фота: LA.lv
Стварэнне ўнікальных упрыгожанняў у транспарце не абавязкова звязана з вялікімі выдаткамі. Наняць дасведчанага дызайнера — ключавы крок да таго, каб надаць прасторы стыль і індывідуальнасць без залішніх трат. Крэатыўныя ідэі прафесіянала могуць змяніць звычайныя элементы ў дзіўныя дэталі, робячы цягнік, плошчу ці краму ўнікальнымі, пры гэтым не перагружаючы бюджэт.

Рыжская электрычка, упрыгожаная каляднымі зоркамі, 2019 год. Фота: LA.lv
Але, відавочна, пакуль кіраўніцтва Мінскага метрапалітэна задаволена Метровічам ды падобнага кшталту крынжам, ні пра якія сучасныя дэкарацыі размовы ісці не можа.

Метровіч. Фота Мінскага метрапалітэна