Гісторыя каляднай паштоўкі
А вы ведалі, што першая «паштоўка» з'явілася ажно ў XVIII стагоддзі?
Першая калядная паштоўка з’явілася з прычыны… ляноты
Прататыпам каляднай паштоўкі былі літаграфіі, але таксама і гравюры на тэму Раства. «Першая спроба пяра» адносіцца да 1797 года, калі брытанскі мастак Добсан прыдумаў павіншаваць сябра невялікім малюнкам, на якім адлюстраваў сям’ю каля ялінкі на фоне заснежанага краявіду. На наступны год было створана некалькі дзясяткаў малюнкаў, а ў 1800 годзе нават пачаўся іх продаж.
Але сапраўдная гісторыя каляднай паштоўкі адносіцца да крыху больш позняга часу і звязаная з… лянотай, піша «Штодзень» са спасылкай на «Мова Гомель».
– Англічанін сэр Генры Коўл меў вельмі шмат родных, якіх трэба было кожны год віншаваць з Раством. Па яго просьбе мастак Джон Хорслі ў 1840 годзе зрабіў 40 аднолькавых літаграфій, на якіх была намалявана сям’я сэра Генры за калядным сталом. Па баках змяшчаліся малюнкі на тэму міласэрнасці: Коўлы раздаюць бедным адзенне і ежу. Пад малюнкам быў змешчаны надпіс: «Вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага года!». Родным сэра Генры такое віншаванне вельмі спадабалася. У 1843 годзе з літаграфіі была надрукавана тысяча паштовак – гэта былі першыя калядныя паштоўкі ў свеце, – піша Алеся Бяленік у архіўным матэрыяле на сайце газеты «Слова жыцця».
У свеце захаваўся ўсяго тузін паштовак з той самай першай тысячы, і, зразумела, гэта сапраўдныя рарытэты. Дарэчы, адна з паштовак першай партыі была прададзеная ў 2001 годзе на аўкцыёне за 22 500 фунтаў стэрлінгаў. Пасля гэтага, асабліва пачынаючы з 1860-х гадоў, вытворчасць паштовак становіцца масавай.
Пераломным стаў 1870 год
Вельмі часта можна сустрэць інфармацыю, што першая паштоўка з’явілася ў Прусіі ў 1870 годзе. Гэта звязана з тым, што ў гэтым годзе сапраўды з’явілася першая паштоўка ў выглядзе адкрытага ліста з маркай.
Паштоўкі ў той час набіраюць папулярнасць таксама ў Францыі, а хутка такі від паштовага адпраўлення з малюнкам або фотаздымкам на галоўным баку зрабіўся вельмі папулярным і ва ўсім свеце. Адначасна з’явілася і філакартыя.
Філакартыя — гэта калекцыянаванне, вывучэнне і сістэматызацыя паштовак. Чалавек, які калекцыянуе паштоўкі, адпаведна, называецца філакартыст.
– У 1875 годзе першыя калядныя і навагоднія паштоўкі былі выпушчаны і ў ЗША, ажыццявіў гэта немец-эмігрант Луі Пранг. Першапачаткова на паштоўках змяшчаліся выявы жывёл і раслін, што мелі мала дачынення да Раства. Але ўжо праз некалькі гадоў, калі тыражы паштовак становяцца мільённымі, тут таксама набываюць папулярнасць зімовыя пейзажы, выявы ялінак, дзяцей і гэтак далей. Менавіта Пранг у 1885 годзе ўпершыню змясціў на паштоўку «партрэт» Санта Клаўса у чырвоным каўпаку. За такія заслугі Пранг набыў ганаровае званне «бацькі амерыканскай каляднай паштоўкі», – чытаем на старонцы pani-teklia.livejournal.com.
Ялінка на паштоўках з’явілася не адразу
Сюжэты малюнкаў на калядных паштоўках, зразумела, адносяць да свята Раства, таму на іх вельмі часта сустракаўся і сустракаецца вобраз Святога Мікалая, які пакідае падарункі ў шкарпэтках або панчохах. Што цікава, ранейшыя выявы Святога Мікалая адлюстроўваюць яго ў адзенні біскупа, а пачынаючы з XX стагоддзя святы набыў сабе чырвоныя штаны і чырвоную куртку. Агулам жа жыццё біблейскага Святога Мікалая было прыкладам шчодрай дапамогі і клопату пра бліжніх, таму і казачны Святы Мікалай — вельмі добры і прыносіць падарункі. Зразумела, што цяпер на паштоўках замест Святога Мікалая можам пабачыць Санта-Клаўса, які жыве ў Лапландыі, а з савецкіх часоў прыжыўся Дзед Мароз (постаць, створаная па вобразе Святога Мікалая).
Што тычыцца ўпрыгожанай ялінкі, то яна на паштоўках з’явілася толькі напрыканцы XIX стагоддзя. Звязана гэта было з тым, што акурат чалавецтва вынайшла электрычную лямпачку, і гэтыя лямпачкі пачалі вешаць у тым ліку на святочныя дрэўцы.
Змяняліся эпохі – змяняліся і паштоўкі. Напрыклад, малюнкі Святой Сям’і з маленькім Ісусам у яслях былі асабліва папулярныя ў 1920-я — 1930-я гады. Пашырылася на паштоўках дзіцячая тэматыка. Пазней пачалі з’яўляюцца музычныя паштоўкі. У савецкі час святочныя паштоўкі былі дадатковым спосабам агітацыі і прапаганды.
Беларускія калядныя паштоўкі
– З канца XIX стагоддзя на паштоўках пачалі з’яўляцца беларускія сюжэты: помнікі архітэктуры і этнаграфічныя матывы, – адзначаў беларускі культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
Паводле самага вядомага беларускага філакартыста Вячкі Целеша, на сучаснай тэрыторыі Беларусі першыя паштоўкі з віншавальнымі навагоднімі надпісамі па-беларуску датаваныя 1963 годам. Сярод сюжэтаў былі вельмі пашыраны Дзед Мароз і Снягурачка, але таксама розныя казачныя персанажы і зімовыя краявіды.
У Савецкім Саюзе паштоўкі з Новым годам пачалі вырабляць яшчэ з сярэдзіны XX стагоддзя, а вось паштоўкі з нараджэннем Хрыстовым з таго перыяду, калі захаваліся ў сям’і або ёсць у калекцыі філакартыста, часта паходзілі з Польшчы. Віншаванне з Калядамі на сапраўднай беларускай каляднай паштоўцы беларусы змаглі адкрыта высылаць толькі пасля 1990 года, калі і Каляды набылі сваё афіцыйнае існаванне.
Але на Захадзе першыя беларускія калядныя паштоўкі з’явіліся ў пасляваенны час, у 1947-1948 гадах, у лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. «Найбольш вядомыя тыя, што выдавалі скаўты ў Ватэнштэце», – піша hardzin.livejournal.com.
Аднак, не зважаючы на розныя часы і ўлады, на паштоўках да святаў заўсёды былі падобныя пажаданні: шчасця, здароўя, дабрабыту і, канешне, радасных святаў.