Топ-10 фільмаў, каб падрыхтавацца да Раства

25 сьнежня амаль усе хрысьціяне ў сьвеце адзначаюць сьвята Божага Нараджэньня. Як падысьці падрыхтаваным да гэтага дня? Мы склалі сьпіс зь дзесяці найлепшых стужак, у якіх можна знайсьці шматлікія адказы на пытаньні, што турбуюць людзей ад стварэньня сьвету. Прыемнага прагляду!

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Летась мы рабілі падборку мастацкіх фільмаў, якія ўздымуць ваш перадкалядны настрой, знайсьці іх можна тут. А сёньняшняя падборка будзе прымеркаваная непасрэдна падзеям з Бібліі.

Нумар 10. Эстэр (Esther). 1999

esther.jpg

У той час як сьвяточны бляск напярэдадні Божага Нараджэньня ахінае нас, дарэчным будзе зьвярнуць позірк на фільм, які, хаця і не асацыюецца традыцыйна са сьвяточным часам, пераклікаецца з тэмамі веры, мужнасьці і Божага провіду.

Стужка рэжысэра Рафаэля Мэртэса — кінематаграфічная інтэрпрэтацыя адной з самых захапляльных і духоўна насычаных гісторый Старога Запавету. Фільм распавядае пра жыцьцё Эстэр, габрэйскай дзяўчыны, якая становіцца каралевай Пэрсіі і выкарыстоўвае сваё становішча, каб выратаваць свой народ ад зьнішчэньня. Вобраз Эстэр, выкананы Луізай Ламбард, дыхае сапраўдным жыцьцём. Вялікая жанчына, безь якой гісторыя Ізраіля магла б скончыцца даўно. Але гэты народ – Богам абраны.

Нумар 9. Самсон і Даліла (Samson and Delilah). 1949

samson_and_delilah.jpg

Шэдэўр Сэсіла Б. ДэМіля атрымаў у свой час некалькі прэмій «Оскар», а ў наш час зьяўляецца, відаць, дагэтуль найлепшай экранізацыяй гісторыі Самсона. Фільм паказвае біблейскае апавяданьне пра чалавека, якога Бог надзяліў неверагоднай моцай. Мы абавязкова паглыбімся ў яго бурныя адносіны з чароўнай Далілай.

Вобраз галоўнага героя стужкі адлюстроўвае сутнасьць чалавека, які разрываецца паміж Божай справай і сьмяротнай спакусай. Рэжысэр, хаця і дазваляе сабе пэўную свабоду для дасягненьня драматычнага эфекту, застаецца ў значнай ступені верным біблейскім вершам. ДэМіль, вядомы сваімі шыкоўнымі пастановамі яшчэ з 1920-х, чарговы раз не расчараваў прыхільнікаў.

Калі для вас гісторыя асілка здаецца малавядомай, ці адзінае зь ім знаёмства адбылося дзякуючы дзіцячай Бібліі ў сіняй маляўнічай вокладцы, тады шукайце фільм і адпраўляйцеся ў змаганьне з філістымлянамі.

Нумар 8. Апостал Павал (San Paolo). 2000

san_paolo.jpg

Гэты фільм рэжысэра Роджэра Янга распавядае пра жыцьцё сьвятога апостала Паўла, адной з самых уплывовых асобаў у хрысьціянскай гісторыі. Гісторыя не толькі пра нараджэньне рэлігіі, але і пра асабістыя метамарфозы, што робіць стужку ідэальным варыянтам для прагляду ў гэты радасны перыяд духоўнага аднаўленьня.

Стужка апісвае падарожжа Паўла, пачынаючы з таго часу, калі ён насіў імя Саўл з Тарса. Гэта быў руплівы ганіцель хрысьціянаў, які па дарозе ў Дамаск прыйшоў да глыбокага навяртаньня і наступнага жыцьця ў якасьці нястомнага апостала Хрыста.

Вобраз Паўла, выкананы Ёханэсам Брандрупам, выключна ўдалы прыклад разьвіцьця на экране характару чалавека, чыё жыцьцё поўнае вялікіх нутраных узрушэньняў.

Нумар 7. Апакаліпсіс – Адкрыцьцё Яна Багаслова (San Giovanni L'apocalisse). 2002

san_giovanni___l_apocalisse.jpg

Рэжысэр Рафаэль Мэртэс прапануе глыбокае кіно падарожжа на тэрыторыю сучаснай Грэцыі, а дакладней – на выспу Патмас. Гэты фільм прысьвечаны жыцьцю апостала Яна і напісаньню ім Кнігі Адкрыцьця, альбо інакш — Апакаліпсісу, апошняй кнігі Новага Запавету і ўсёй Бібліі. Аўтары паказваюць інтрыгоўную пэрспэктыву раньняй хрысьціянскай думкі.

Гэтая гісторыя, якая цалкам спалучаецца з рэфлексіяй і чаканьнем перыяду сьвятаў Божага Нараджэньня. Яна запрашае гледачоў паразважаць над таямніцамі веры і лёсу.

Цудоўны Рычард Харыс, у сваёй апошняй ролі прасякнуты спалучэньнем глыбокай мудрасьці і непахіснай веры, якая адлюстроўвае сутнасьць чалавека, які быў сьведкам нараджэньня хрысьціянства і вытрымаў выпрабаваньні свайго жыцьця. Рэжысэр спалучае сцэны з выгнаньня апостала Яна на выспе Патмас з бурлівымі падзеямі, якія ён прадбачыў.

Нумар 6. Біблія (The Bible: In the Beginning...). 1966

the_bible_in_the_beginning.jpg

Стужка легенды кіно Джона Х’юстана. Гэтая амбіцыйная праца ўвабрала ў сябе адлюстраваньне першых 22 разьдзелаў Кнігі Быцьця. «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою». Так пачынаецца Біблія, і так пачынаецца гэты фільм.

Тут таксама ў адной з роляў убачым Рычарда Харыса, узгаданага ў фільме пра апостала Яна, і іншых зорак таго часу: Аву Гарднэр, Пітэра А’Тула, Джорджа Скота, Франка Нэру.

Адразу некалькі самых вядомых біблейскіх гісторый ад пачатку стварэньня будуць чакаць вашай увагі. Тры гадзіны экраннага часу, і пераходзьце да папяровых крыніцаў.

Нумар 5. Майсей (Moses). 1995

moses.jpg

Стужка рэжысэра Роджэра Янга паглыбляецца ў жыцьцё прарока, які быў народжаны габрэйскай жанчынай у Эгіпце і выгадаваны дачкою фараона. Лёс, якому б пазайздросьцілі ледзьве ня ўсе жыхары тагачаснага сьвету. Але хлопчыку было наканавана нешта зусім іншае і вялікае. “Let My People Go", як сьпяваў некалі Луі Армстранг, цытуючы радок з кнігі Быцьця.

Нягледзячы на тое, што стужка не можа пахваліцца такім грандыёзным візуальным маштабам, як некаторыя ранейшыя біблейскія эпасы, дзякуючы выбітнай гульні Бэна Кінгслі ў ролі Майсея, а таксама Дэвіда Сушэ і Фрэнка Лангелы ў ролях Аарона і фараона, гледачы безумоўна атрымаюць суцэльную асалоду ад грандыёзных падзеяў на экране.

У прыватнасьці сцэны, якія адлюстроўваюць эпідэмію чумы і рассоўваньне Чырвонага мора дзеля таго, каб народ Ізраіля здолеў выйсьці з эгіпецкага рабства, выкананы зь відавочнай глыбокай пашанай да першакрыніцы.

Нумар 4. Юзэф (Joseph). 1995

joseph.jpg

Яшчэ адна стужка, якую зьняў Роджэр Янг, у нашым сьпісе. Бэн Кінгслі ў дадзеным выпадку выконвае ролю Патыфара — галоўнага дарадцы эгіпецкага фараона. Аднак сапраўднай зоркай фільма зьяўляецца Пол Меркурыа ў ролі Юзэфа, сын Якуба, унука Ісака, праўнука Абрагама. Ён паказвае шлях свайго героя ад улюбёнага сына да раба, кінутага сваімі братамі, які сягае магутнасьці другога чалавека ў Эгіпце.

Даволі нечакана ў адной з роляў можна ўбачыць маладую Моніку Белучы.

Гісторыя Юзэфа зь яе драматычнымі паваротамі і глыбокімі маральнымі ўрокамі служыць напамінам аб моцы прабачэньня і аб таямнічых спосабах, якімі жыцьцёвыя выпрабаваньні могуць прывесьці да нечакана станоўчых вынікаў.

Нумар 3. Дзесяць запаветаў (The Ten Commandments). 1956

the_ten_commandments_1.jpg

За 33 гады да гэтай экранізацыі гісторыі пра Майсея, той жа рэжысэр Сэсіл Б. ДэМіль зьняў сваю першую вэрсію. Кожная зь іх валодае фантастычнымі якасьцямі сапраўднага мастацтва.

Другая, больш сучасная вэрсія яго грандыёзнай пастановы і візуальнага відовішча робяць фільм ідэальным кампаньёнам для вечара, прысьвечанага фундамэнтальным духоўным гісторыям. Стужка цягнецца каля 4 гадзінаў, але гэта нашмат меньш, чым 40 гадоў, на працягу якіх габрэі хадзілі па пустыні, перш чым трапіць у Сьвятую Зямлю.

Выдатны прадстаўнік фільмаў жанру пеплум.

Нумар 2. Абрагам (Abraham). 1993

abraham.jpg

Музыка Эніа Марыконэ, старазапаветныя краявіды і шыкоўны акторскі склад у выглядзе Рычарда Харыса, Барбары Хэршы, Максыміліяна Шэла і Готфрыда Ёна – перад вамі стужка, якая можа служыць прыгожым і плённым знаёмствам з Бібліяй.

Ці проста чалавеку згадзіцца з тым, што прапануе яму Бог? І ўвогуле, як зразумець, што не ўласнае ўяўленьне ці фантазія, а сам Творца Сусьвету прамаўляе ў тваім сэрцы? Гісторыя Абрама, які стаў Абрагамам і бацькам усіх ізраільцянаў па-ранейшаму зьяўляецца надзвычай натхняльнай.

Калі вы ўяўлялі, як мог бы выглядаць Абрагам, гэтая стужка, падаецца, перадае гэтае ўяўленьне на сто адсоткаў. Рычард Харыс, магчыма, пражыў усё жыцьцё, каб на экране пражыць жыцьцё Абрагама.

Нумар 1. Езус з Назарэту (Jesus of Nazareth). 1977

jesus_of_nazareth_2.jpg

«Езус нарадзіўся! Славім яго!». Падобнымі словамі ва ўсім сьвеце будзе адзначацца чарговае Раство. На працягу гісторыі кіно незьлічоную колькасьць разоў, яшчэ з ХІХ стагодзьдзя пачынаючы, рабіліся спробы экранізацыі жыцьця Збаўцы Езуса Хрыста.

Былі, безумоўна, вартыя адаптацыі, былі і прахадныя карціны. Але кінаэталёнам можа служыць гэтая праца, створаная Франка Дзэфірэлі з Робэртам Паўэлам у галоўнай ролі.

Больш за 6 гадзінаў у рэжысэрскай вэрсіі фільма прамільгнуць як адно імгненьне. Чыстае мастацтва паводле самай галоўнай гісторыі ў гісторыі чалавецтва.

Са сьвятам!

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут. Прыемнага прагляду!